Якія дамоўленасці былі ў амерыканцаў з Лукашэнкам па вызваленні палітвязняў? Тлумачыць Вячорка
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў у эфіры «Еўрарадыё», чаму працэс перамоваў па вызваленні палітвязняў запаволіўся і якія ўмовы ставіліся Лукашэнку.
Калі вызваляць наступных палітвязняў
Франак Вячорка патлумачыў паўзу з вызваленнем палітвязняў святочным перыядам у ЗША. Гэты тыдзень у Штатах фактычна непрацоўны з-за Дня дзякавання, і наступны тыдзень таксама хутчэй за ўсё будзе ціхім. Аднак, паводле слоў дарадцы, ужо ў першай палове снежня працэс павінен інтэнсіфікавацца.
«Дзяніс Кучынскі на наступным тыдні едзе ў Вашынгтон, будзе сустракацца з усімі нашымі партнёрамі, у тым ліку па вызваленнях», — падзяліўся планамі Вячорка.
Галоўная праблема, як даводзіць Вячорка, палягае ў пазіцыі афіцыйнага Мінска:
«Мінск спрабуе максімальна вытаргаваць. Хочуць, каб не толькі амерыканцы, а яшчэ і еўрапейцы здымалі свае санкцыі. Лукашэнка дамаўляецца, а потым яму здаецца, што танна прадаў — трэба даражэй прадаць, яшчэ даражэй. Ён мяняе правілы гульні падчас саміх перамоваў».
Вячорка тлумачыць, што Лукашэнка, з аднаго боку, хоча скарыстацца акном магчымасцяў у кантактах з ЗША, а з іншага — баіцца страціць кантроль над сітуацыяй. На паводзіны рэжыму таксама ўплывае і эканамічны фактар: санкцыі закранаюць як беларускую, так і расійскую эканоміку.
Таксама, як адзначае Вячорка, на Лукашэнку дзейнічае напружанасць вакол перамоваў па Украіне: ён чакае, у які бок пойдзе агульная траекторыя, і гэта ўзмацняе яго няўпэўненасць, ад чаго ён «шарахаецца і шугаецца», зацягваючы працэс.
Пры гэтым Вячорка падкрэслівае: «Амерыканцы настроены рашуча. Святлана Ціханоўская тыдзень таму гаварыла з Коўлам. У кантакце мы і з Крысам Смітам, і з іншымі людзьмі, з якімі працуем, перадаём, абнаўляем спісы — гуманітарныя спісы, спісы па катэгорыях».
Як даводзіць Вячорка, ЗША займаюцца не толькі беларускімі палітвязнямі, але і замежнымі грамадзянамі, якія сядзяць у беларускіх турмах. Яны «працуюць і з іншымі сталіцамі», каб іх вызваліць, як гэта адбывалася, напрыклад, з украінскім бокам. У выніку частка людзей была вызвалена па спісу, які перадаў Кіеў, пра людзей з яго беларускія праваабаронцы не ведалі.
Як фарміруюцца гуманітарныя спісы
Адказваючы на пытанне, хто і як перадае спісы на вызваленне, Вячорка падкрэслівае: гуманітарныя спісы складаюцца цэнтралізавана беларускімі праваабаронцамі супольна з дэмакратычнымі сіламі.
«У амерыканцаў гэты спіс ёсць, ёсць у Ватыкана, ёсць у іншых нашых партнёраў, якія камунікуюць з Мінскам. Мінск пра гэта ведае, Мінск усё роўна кажа, што яны ўсе тэрарысты, экстрэмісты, злачынцы і ніякія не палітвязні», — заўважае дарадца Ціханоўскай.
Галоўная ўмова — без прымусовай дэпартацыі
Асобна дарадца Ціханоўскай расказаў пра ўмовы, якія ставіць дэмакратычны бок.
Галоўная з іх: вызваленне павінна адбывацца без абавязковай дэпартацыі.
Як адзначае Вячорка, раней Мінск выставіў жорсткую ўмову: усе вызваленыя павінны выехаць з краіны. Пры гэтым, паводле яго, падчас дэпартацыі рэжым стварае людзям дадатковыя перашкоды. Больш за тое, вызваленне адбываецца «па-за легальнай працэдурай»:
«Паводле лукашэнкаўскіх службаў, гэтыя людзі альбо збеглі з турмы, альбо працягваюць знаходзіцца ў турме. То-бок яны не атрымліваюць ні доказаў, ні пацверджанняў, што яны сапраўды рэабілітаваныя, сапраўды памілаваныя, сапраўды знятыя абвінавачванні. І зараз Дэпартамент выканання пакаранняў і іншыя органы прыходзяць да іх сем'яў, зноў жа кашмарыць і палохаць».
Яшчэ адна ўмова — сем'і пакінуць у спакоі
На погляд Вячоркі, ключавая праблема ў тым, што «дамоўленасці, якія нават ёсць у амерыканцаў з Мінскам, усё роўна парушаюцца».
Дэмакратычныя сілы збіраюць доказы ўсіх парушэнняў — у тым ліку сітуацыі, калі пасля вызваленняў улады працягваюць кашмарыць сем’і. «Гэта была самая першая ўмова, што вызваленыя па амерыканскім трэку, іх сем'і будуць у спакоі», — заўважае Вячорка.
Падсумоўваючы характар перамоваў, Франак Вячорка выказваецца даволі жорстка:
«Мы размаўляем, мы з амерыканцамі працуем над вызваленнем, але перамовы вядзём з гопнікам. З гопніцкім крымінальным рэжымам, які не трымае сваё слова, не трымае свае абяцанні і які перайграе ўсё. Таму амерыканцы дамаўляюцца пра адно, атрымліваецца іншае. Дамаўляюцца пра адных людзей — атрымліваюць іншых людзей. Але яны ўсё роўна працягваюць гэты працэс, і мы заахвочваем».
«Мы спадзяёмся, што калі пойдзе гаворка пра вялікую групу вызваленых, то ўсё ж такі вялікай частцы людзей (мы б хацелі, каб усім, але хаця б вялікай частцы людзей) дазволяць застацца ў Беларусі», — выказвае надзею дарадца Ціханоўскай.
Чытайце таксама:
Ціханоўская чакае добрых навін пра палітвязняў у найбліжэйшыя тыдні
Адміністрацыя Трампа і Мінск абмяркоўваюць вызваленне 100 палітвязняў