БЕЛ Ł РУС

У Польшчы затрымалі за шпіянаж трох беларусаў і двух украінцаў

28.11.2025 / 18:46

Nashaniva.com

Спецслужбы Польшчы затрымалі трох грамадзян Беларусі і двух украінцаў за супрацоўніцтва з замежнай разведкай. Паводле версіі следства, яны атрымлівалі заданні праз мэсэнджар Telegram, а ўзнагароджанне — у крыптавалюце. Пра справу расказалі ў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы, піша Most.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Gov.pl

Паводле звестак польскай пракуратуры, заданні іншаземцы выконвалі з сакавіка 2024 года да лютага 2025‑га ў Жэшаве, Варшаве, Лодзі і іншых населеных пунктах. У іх задачы ўваходзіла фатаграфаванне аб'ектаў крытычнай інфраструктуры і месцаў, важных для бяспекі дзяржавы. Акрамя таго, яны павінны былі развешваць плакаты і маляваць графіці.

Затрымалі падазраваных 25 і 26 лістапада. Пракуратура паведаміла іх імёны. Гэта грамадзяне Беларусі Вікторыя M., Антон M. і Уладзімір У., а таксама грамадзяне Украіны Аляксандр С. і непаўналетняя Соф'я Х.

Іх ужо дапыталі і выставілі абвінавачванні. Па інкрымінаваных артыкулах ім можа пагражаць ад 5 да 30 гадоў пазбаўлення волі.

Вікторыю M., Антона M. і Аляксандра С. суд пастанавіў арыштаваць на тры месяцы. Соф'ю Х. змясцілі ў цэнтр для непаўналетніх. Уладзіміру У. забаронена пакідаць краіну, а меру стрымання, не звязаную з пазбаўленнем волі, яму абралі з-за праблем са здароўем.

Чытайце таксама:

Польшча распачала крымінальную справу за спробу вярбоўкі беларускімі спецслужбамі супрацоўнікаў НАУ

У Польшчы расказалі падрабязнасці пра справу расійскага апазіцыянера, які аказаўся шпіёнам

У затрыманага ў Польшчы таксіста-шпіёна знайшлі спіс беларусаў, за якімі ён меў заданне сачыць

У Еўропе выкрылі беларускую шпіёнскую сетку. Арыштавалі былога кіраўніка малдаўскай контрразведкі

Каментары да артыкула