Святлана Курс — Алексіевіч: За рускую мову і літаратуру мы ўсе мусім плаціць крывёю
На творчай сустрэчы нобелеўская лаўрэатка выказалася ў абарону рускай мовы. Іншая вядомая пісьменніца Святлана Курс з ёй не пагадзілася.
Святлана Курс. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Пісьменніца Святлана Курс (псеўданім Ева Вежнавец) выступіла ў Варшаве ў Музеі сучаснага мастацтва. Там жа сёння праводзіла сустрэчу нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Алексіевіч сярод іншага закранула пытанне рускай мовы — яна лічыць, што выкрэсліваць яе разам з рускай культурай было б няправільна. Святлана Курс мае іншае бачанне. Яе словы прыводзіць «Белсат».
«Я глыбока шаную спадарыню Святлану, бо абавязаная ёй мудрасцю, стойкасцю. Гэта прыклад для мяне. Яна — мая літаратурная патронка, але я не буду хаваць таго, што ў мяне зусім супрацьлеглае стаўленне да расейскай культуры і мовы. Я лічу, што яны не адбыліся. Яны маюць аднаго з паловай добрых пісьменнікаў. І за гэтых пісьменнікаў мы ўсе па перыметры мусім плаціць крывёю.
Гэты культурны праект не адбыўся. А мова — носьбіт нацыянальнага характару. Расейская мова і літаратура нясуць у сабе характар імперскасці і знішчэння ўсяго, што не расейскае. Мы ў Беларусі ведаем пра гэта вельмі добра. Пакуль гэта не зменіцца, я не жадаю нічога мець супольнага з імі.
Расея Богу яшчэ болей не выйшла, чым старасць. Пры гэтым я вельмі пільна сачу за Расеяй, за тэндэнцыямі, якія там ідуць. І не бачу там нічога здаровага. Здаровых людзей там, можа, кожны дзясяты. І іх я вельмі шкадую, бо яны чужыя ў сваім грамадстве і ў свеце, дзе на іх глядзяць як на немцаў пасля Другой сусветнай вайны.
Я пакрыўдзілася на расейцаў за тое, што яны зрабілі з намі і дагэтуль працягваюць рабіць. Сотні нацыяў, народнасцяў унутры Расеі яны нішчаць, адпраўляючы на вайну. Маё сэрца да канца жыцця будзе ў ценю, я не жадаю з імі мець нічога супольнага».
Святлана Курс паразважала таксама пра тое, як жыць разам прыхільнікам і праціўнікам Лукашэнкі.
«Працытую Сяргея Даўлатава, які сказаў: «Няма ў мяне да цябе антаганізму, нават да цябе, мудзіла». У мяне да ГУБАЗіКу востры антаганізм, а да ябацек няма, таму што нам з імі жыць, і мне здаецца, не будзе вялікіх праблемаў, бо вінаватыя не простыя людзі. А хто вінаваты — мы ведаем».