БЕЛ Ł РУС

Заснавальнік «Бусліка» расказаў пра новую гісторыю праекта

1.12.2025 / 12:45

Nashaniva.com

У пачатку лістапада брэнд «Буслік» абвясціў аб стварэнні сямейнага партала. Кампанія заявіла ў сацсетках пра «пачатак новай гісторыі з новым бачаннем». Тэрміны запуску праекта не называюцца, аднак у Instagram ужо з'явілася больш за дзесяць допісаў на дзіцяча-бацькоўскія тэмы, а нядаўна заснавальнік брэнда «Буслік» Сяргей Місячэнка падзяліўся планамі на будучыню, піша Office Life.

«Мы хочам паспрабаваць стварыць інфармацыйны партал, на якім можна будзе знайсці шмат інфармацыі пра мацярынства і дзяцінства, пра выхаванне і развіццё дзяцей», — кажа Сяргей Місячэнка. Ён прызнаецца, што гісторыя «Бусліка», якой ужо 20 гадоў, «не адпускае, і яе не хочацца заканчваць».

Цяпер каманда брэнда запрашае да супрацоўніцтва актыўных экспертаў з самых розных сфер — псіхалогіі, аховы здароўя, адукацыі і інш. Расказаць пра свае прадукты ў галіне мацярынства і дзяцінства могуць таксама і вытворцы — у першую чаргу беларускія.

«Любы брэнд, любы эксперт, любая мама могуць напісаць нам у Instagram і прапанаваць сваю карысную інфармацыю», — падсумоўвае Сяргей Місячэнка.

Ці будзе аднаўленне магазінаў?

Размовы пра перазапуск сеткі фізічных магазінаў не ідзе. На думку Сяргея Місячэнкі, «сёння ў гандлі вельмі высокая канкурэнцыя, многія дзіцячыя тавары купляюць анлайн, маркетплэйсы дастаўляюць дзіцячыя тавары на дом».

Пры гэтым у будучыні запуск інтэрнэт-магазіна на базе партала «можа быць больш рэалістычным».

«Таксама мы думаем пра тое, каб выбіраць на рынку краіны якасныя прадукты ў галіне мацярынства і дзяцінства і пад брэндам «Буслік» экспартаваць іх за межы краіны», — падзяліўся яшчэ адным магчымым напрамкам працы ў будучыні Сяргей Місячэнка.

Сетка «Буслік» спыніла сваю працу ў канцы лютага 2024 года, пазней кампанія «ДПМ» — уладальнік сеткі магазінаў — пайшла ў банкруцтва. Сёлета ў канцы верасня выстаўленыя на таргі таварныя знакі беларускай сеткі купіла кампанія Lemon Invest. Заснавальнікам і кіраўніком новага ўладальніка таварных знакаў з'яўляецца прадпрымальнік Сяргей Місячэнка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула