Кітай уводзіць падатак на прэзерватывы, каб стымуляваць нараджальнасць
Улады Кітая ўпершыню за 30 гадоў уводзяць падатак на дададзеную вартасць на супрацьзачаткавыя сродкі і прэпараты, уключаючы прэзерватывы. Гэтая мера, як піша Bloomberg, з'яўляецца спробай урада спыніць падзенне нараджальнасці ў краіне, якое пагражае эканамічнаму росту.
Пекін, 7 кастрычніка 2025 г. Фота: AP Photo / Ng Han Guan
Жыхарам Кітая давядзецца плаціць 13% ПДВ на кантрацэптывы.
Гэтыя тавары не абкладаліся падаткам з 1993 года, калі ў краіне, наадварот, дзейнічала палітыка «адна сям'я — адно дзіця» і ўлады імкнуліся абмежаваць нараджальнасць.
Меры па стымуляванні нараджальнасці ўключаюць таксама папраўкі да закона аб ПДВ, якія вызваляюць ад падаткаабкладання паслугі па доглядзе за дзецьмі, установы па доглядзе за старымі, пастаўшчыкоў паслуг для інвалідаў і паслугі, звязаныя з рэгістрацыяй шлюбаў.
Bloomberg адзначае, што падатак на сродкі кантрацэпцыі ўводзіцца на фоне рэзкага росту колькасці выпадкаў заражэння ВІЧ у краіне. Паводле даных кітайскага Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў, з 2002 па 2021 год колькасць зарэгістраваных выпадкаў ВІЧ і СНІД вырасла з 0,37 да 8,41 на 100 тысяч чалавек.