БЕЛ Ł РУС

Падлетак у Мінску разаслаў 26 паведамленняў аб мініраванні

3.12.2025 / 11:4

Nashaniva.com

Так малады чалавек вырашыў адпомсціць крыўдзіцелю сваёй былой дзяўчыны. Паводле яго слоў, той чапляўся да яе на ўроках і абражаў. За год падлетак адправіў не менш за 26 такіх лістоў.

Хлопец пад чужым імем здзейсніў масавую рассылку электронных паведамленняў пра нібыта гатовыя выбухі ў будынках ГУУС Мінгарвыканкама, МНС і іншых устаноў. Яго разлік быў просты — стварыць сур’ёзныя праблемы таму, хто яму не падабаўся, справакаваўшы аператыўную рэакцыю праваахоўных структур. У далейшым дзеянні падлетка набылі яшчэ больш маштабны характар.

Малады чалавек вырашыў аналагічным чынам падставіць і іншых сваіх нядобразычліўцаў, якія абразілі яго кепскім словам. Ад іх імя ён таксама адправіў падобныя ілжывыя лісты ў органы дзяржаўнай улады і школы. Для гэтага ён стварыў электронныя скрыні на імя тых, каго хацеў скампраметаваць, а пасля рассылкі выдаляў уліковыя запісы, меркаваўшы, што гэта дапаможа схаваць сляды.

«Як стала вядома ў ходзе следства, агулам цягам года фігурант разаслаў не менш за 26 электронных лістоў падобнага зместу. Яго дзеянні прывялі да значных выдаткаў сіл і сродкаў праваахоўных органаў і аварыйных службаў, якія правяралі кожнае паведамленне. Варта адзначыць, што на момант здзяйснення злачынства хлопец быў непаўналетнім. У ходзе дапытаў ён цалкам прызнаў сваю віну, патлумачыўшы, што разумеў незаконнасць сваіх учынкаў», — растлумачылі ў УСК па горадзе Мінску.

Дзеянні падлетка кваліфікаваны па ч. 1 арт. 340 (свядома ілжывае паведамленне пра падрыхтоўку выбуху) і ч. 2 арт. 340 (свядома ілжывае паведамленне пра падрыхтоўку выбуху, здзейсненае паўторна) Крымінальнага кодэкса. Да яго ўжыта мера стрымання ў выглядзе асабістай парукі.

Суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў. Вяршэнне прысуду не ўступіла ў законную сілу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула