БЕЛ Ł РУС

У Мінску вырашаюць пытанне з пусткамі ў Каменнай Горцы і Дамброўцы — замест іх могуць з'явіцца паркоўкі

3.12.2025 / 11:42

Nashaniva.com

Незабудаваныя ўчасткі ў жылых раёнах Каменная Горка і Дамброўка могуць ператварыцца ў паркоўкі. Пра гэта распавёў кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Арцём Шагідзевіч, паведамляюць «Мінск-Навіны».

Мінчане пацікавіліся лёсам пустак у Каменнай Горцы і Дамброўцы.

— Сёння пустых плошчаў у плане дэталёвага планавання горада практычна няма, — растлумачыў Шагідзевіч. — Гэтыя пляцоўкі зарэзерваваныя для будаўніцтва пэўных аб'ектаў. Напрыклад, сацыяльных ці гандлёвых. Але жыццё паказала, што патрэба ў іх ужо адпала: дастаткова магазінаў, школы і дзіцячыя сады спраўляюцца з нагрузкай. Таму на даручэнне старшыні Мінгарвыканкама раённая адміністрацыя актыўна працуе над тым, каб сабраць даныя па такіх пляцоўках. Актуалізаваць існуючы генплан, унесці ў яго нейкія новаўвядзенні. Напрыклад, мы разумеем, што востра стаіць пытанне з парковачнымі месцамі. Таму такія вольныя пляцоўкі разглядаем у першую чаргу для паркоўкі.

Кіраўнік раённай адміністрацыі ўдакладніў, што пакуль нельга сказаць ні як яны будуць выглядаць, ні калі будуць пабудаваныя. Як і тое, дзе менавіта яны з'явяцца і колькі праіснуюць. Магчыма, гэта будуць капітальныя паркоўкі, а можа быць — часовыя, разлічаныя на некалькі гадоў. Пакуль ідзе толькі прапрацоўка магчымасці выкарыстання гэтых незабудаваных тэрыторый пад парковачныя месцы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула