БЕЛ Ł РУС

Ці паспеюць беларускія спартоўцы адабрацца на Зімовую Алімпіяду?

3.12.2025 / 12:35

Nashaniva.com

Учора Спартыўны арбітражны суд (CAS) абвясціў, што часткова задаволіў апеляцыю беларускіх фрыстайлістаў на нядопуск да Алімпійскіх гульняў-2026. Хутка Міжнародная федэрацыя лыжных відаў спорту (FIS), да якой належыць і фрыстайл, заявіла пра прызнанне рашэння CAS. Каб трапіць на Зімовую Алімпіяду, што пачнецца праз два месяцы, трэба паспець прайсці кваліфікацыйныя спаборніцтвы. «Трыбуна» паглядзела, ці ёсць у беларусаў шанцы. Нашы фрыстайлісты з 1998 года прывозілі медалі з Гульняў.

Першай у пяцёрцы была ўказаная ўладальніца золата АГ-2018 і срэбра-2022 Ганна Гуськова. Яна — чэмпіёнка Беларусі і сумеснага з расіянамі «Кубка чэмпіёнаў», які прайшоў на пачатку 2025‑га (з таго часу спаборніцтваў не было, у фрыстайле кароткі сезон). На месцы апынуліся таксама Ганна Дзяруга і Анастасія Андрыянава — яны дапоўнілі п’едэстал вышэйзгаданых турніраў. З мужчын жа з топ-3 беларускага першынства ў позве быў прадстаўлены толькі адзін — прычым не Макар Мітрафанаў з золатам, а Ігар Драбянкоў з срэбрам. Пяты ўказаны CAS удзельнік — 18‑гадовы Уладзіслаў Вазнюк, серабрысты прызёр ЧБ-2024.

Разгледзеўшы пазоў, у CAS пастанавілі, што спартсмены, якія адпавядаюць крытэрам індывідуальных нейтральных атлетаў (AIN) ад Міжнароднага алімпійскага камітэта, павінны быць дапушчаны FIS да кваліфікацыйных спаборніцтваў да Гульняў-2026. Суддзі пагадзіліся, што бан «парушае статут FIS і супярэчыць прынцыпам палітычнай нейтральнасці і недыскрымінацыі».

Беларускі бок таксама патрабаваў некаторых змен у ўсталяванні і прымяненні крытэраў адпаведнасці нейтральнаму статусу, але ў гэтай частцы пазоў быў адхілены.

У FIS практычна адразу заявілі, што прымаюць рашэнне CAS, пры гэтым нават удакладнілі, што разумеюць яго як дазвол падавацца на нейтральны статус з Беларусі і Расіі як любым спартсменам, так і «персаналу з медыцынскай і тэхнічнай функцыяй». Усім прэтэндэнтам прапанавалі накіроўваць запыт на статус па электроннай пошце з наступнай праверкай на нейтральнасць па тых жа крытэрах, што і ў МОК, з боку спецыяльнай камісіі FIS — па выніках паабяцалі апублікаваць спіс тых, каго дапусцілі.

Нагадаем, што беларускі рэжым трохі навучыўся на сваіх памылках перад Гульнямі-2024 і забароненую МАК прыналежнасць спартсменаў да «сілавікоў» больш не раскрывае, ды і ўвогуле стараецца больш запісваць да «мінспорта». Хіба што нешта знойдуць у сацсетках — усё яшчэ нельга падтрымліваць вайну і публікаваць дзяржаўную сімволіку.

Ці не затрымае камісія з рашэннем? Тут можна толькі здагадацца. Аднак ёсць паралельны прыклад у санным спорце (у Беларусі не развіты) — 31 кастрычніка CAS абвясціў аб задавальненні аналагічнай апеляцыі з Расіі, у Міжнароднай федэрацыі саннага спорту цягнулі да 19 лістапада, але ўжо 23‑га расіяне даведаліся канкрэтныя шэсць прозвішчаў тых, каго дапусцілі.

Добрая навіна ў гэтай сітуацыі: у фрыстайлістаў Кубак свету яшчэ ўвогуле не пачаўся. Першы этап пройдзе 6‑8 снежня ў Фінляндыі — краіне, дзе загадзя пагражалі не пускаць «незалежных спартоўцаў» на сваю тэрыторыю нават пры наяўнасці допуску. Але пропуск гэтага спаборніцтва па любой прычыне — увогуле не крытычны.

Далей — этапы ў Кітаі, Канадзе (дзе кампактна адразу два старты) і двойчы ў ЗША. Усе гэтыя краіны трапіць беларускім спартсменам сёння рэальна.

Чыста тэхнічна адабрацца на Алімпіяду нескладана. Галоўны спартыўны крытэрый — рэйтынг за два сезоны, папярэдні і будучы, які сфарміруюць 19 студзеня. У ім трэба патрапіць у топ-22 лепшых (з якога яшчэ каго-небудзь выключаць з-за абмежавання ў 4 чалавек на краіну), набраўшы мінімум 80 ачкоў (у канцы топ-22 у спартсменаў пакуль менш). Пры гэтым, як мы ўжо расказвалі, за перамогу на этапе КС даецца +100, за шостае месца, напрыклад, +40, за 13‑е — +20.

Для допуску да саміх этапаў патрэбны ачкі FIS, але якраз у топ-3 жаночай каманды з гэтым няма праблем — з 2022‑го іх рэйтынг замарожаны, у той жа Гуськовай засталіся велізарныя 700 ачкоў (калі б іх улічылі ў заліку на АГ, яна стала б лідарам рэйтынгу). Мінімальна неабходныя 50 балаў захоўваюцца і ў чатырох мужчын — той жа Вазнюк паспеў набраць іх на пачатку 2022‑го на этапе Кубка Еўропы ў Раўбічах. Застаецца трапіць на этапы фізічна і там проста выступіць у сваю сілу.

А што ў іншых лыжных падвідах? На АГ-2022 прадстаўніцтва было сціплае: чатыры чалавекі ў лыжных гонках і адзін у горных лыжах. І там, і там захоўваюцца па адной базавай квоце для мужчыны і жанчыны — іх даюць увогуле ўсім, проста трэба не перабраць досыць простую планку ачкоў FIS (тут лік наадварот — чым больш, тым горш). Усе фінальныя падлікі — таксама 19 студзеня.

У лыжных гонках ужо прайшоў адзін этап, але наперадзе яшчэ шмат. У Беларусі ёсць Ганна Каралёва і Ганна Мачэхіна, якія здольныя заехаць у топ-20 у моцным Кубку Расіі (а на чэмпіянаце гэтай краіны ў сакавіку ўзялі бронзу ў камандным спрынце, але каманды на Алімпіядзе па-ранейшаму забароненыя для «нейтральных»). У мужчын толкам і вылучыць нікога, хіба што толькі экс-біятланіст Раман Ялётнаў.

У горных лыжах па-ранейшаму адзін кандыдат на АГ — удзельніца чатырох папярэдніх, натуралізаваная расіянка, ужо 36‑гадовая Марыя Шканава, якая ў канцы 2024‑го перамагла на пары этапаў Кубка Расіі. У гэтым годзе пра яе не чуваць, але ў сакавіку яна пагражала патрапіць у топ-15 на АГ. Варыянтаў паспрабаваць свае сілы на Кубку свету пры наяўнасці допуску хапае.

Беларускія біятланісты пакуль па-за Гульнямі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула