Штучны інтэлект пераварочвае порнаіндустрыю
Інтэрнэт уваходзіць у эру сінтэтычнага порна: яго больш не здымаюць, а генеруюць. Стварыць «ідэальнага партнёра» і ўвасобіць любыя фантазіі цяпер можна за некалькі клікаў. Індустрыя для дарослых стала палігонам для штучнага інтэлекту: яна першай атрымала прыбытак, але і першай сутыкнулася з глабальным крызісам бяспекі, згоды і этыкі.
Гісторыя паўтараецца: індустрыя для дарослых заўсёды была палігонам для выпрабавання новых тэхналогій. Калі ў XV стагоддзі Іаган Гутэнберг вынайшаў друкарскі станок, яго амаль адразу прыстасавалі для друку пікантных брашур. Фільмы для дарослых з’явіліся на відэакасетах у 1977 годзе — на год раней за галівудскія блокбастары — і некаторы час дамінавалі ў продажах. Калі ў пачатку 1980‑х у Францыі запусцілі Minitel, папярэдніка інтэрнэту, эратычныя паслугі складалі ад траціны да паловы ўсяго трафіку. Падобная гісторыя адбывалася з кабельным тэлебачаннем і анлайн-стрымінгам, а цяпер чарга дайшла і да штучнага інтэлекту (ШІ), піша The Economist.
Пакуль многія традыцыйныя бізнэсы вагаюцца з укараненнем новых тэхналогій, порнаіндустрыя дзейнічае імгненна. Сайты для дарослых ужо перапоўнены відэа і выявамі, згенераванымі нейрасеткамі. Да працэсу далучаюцца і тэхналагічныя гіганты, якія шукаюць спосабы апраўдаць інвестыцыі ў свае мадэлі. Напрыклад, распрацоўка Ілана Маска Grok ужо прапануе «пікантны рэжым», а OpenAI са снежня дазваляе генерацыю эротыкі ў ChatGPT для верыфікаваных дарослых карыстальнікаў.
Паводле прагнозаў даследчыкаў, рынак ШІ-кантэнту для дарослых ужо сёлета дасягне 2,5 мільярда даляраў і будзе расці на 27% штогод да 2028 года.
Для разумення маштабу варта зірнуць на агульныя лічбы. Сусветная порнаіндустрыя штогод атрымлівае амаль 100 мільярдаў даляраў выручкі — гэта ўдвая больш, чым увесь цяперашні рынак штучнага інтэлекту.
Пяць з 50 самых наведвальных сайтаў у свеце — гэта рэсурсы для дарослых. Да нядаўняга часу гэты рынак кантралявалі платформы, дзе рэальныя людзі прадавалі свой кантэнт па падпісцы: напрыклад, сэрвіс OnlyFans за мінулы фінансавы год атрымаў 1,4 мільярда даляраў выручкі і 520 мільёнаў чыстага прыбытку. Аднак цяпер ШІ прапануе альтэрнатыву: кантэнт пад заказ, які каштуе танней і ствараецца хутчэй.
Калі раней тэхналогіі проста спрашчалі распаўсюджванне кантэнту, то ШІ здзяйсняе рэвалюцыю ў самой вытворчасці. Карыстальнік можа сфарміраваць ідэальнага партнёра — выбраць колер скуры, целасклад, характар — і прымусіць яго ўвасабляць любыя фантазіі. Попыт на такую паслугу каласальны.
Паводле даных даследчыкаў, дзесяць самых папулярных сайтаў, якія прапануюць віртуальных «кампаньёнаў» для зносін і флірту, толькі за першы квартал 2025 года сабралі 78,5 мільёна наведванняў.
Людзі шукаюць блізкасці нават там, дзе яе быць не павінна: распрацоўшчыкі звычайнага чат-бота Kuki расказваюць, што карыстальнікі прызнаваліся алгарытму ў каханні 90 мільёнаў разоў, а траціна суразмоўцаў спрабавала схіліць праграму да віртуальнага сэксу.
А што рэальныя порназоркі?
Навуковыя эксперыменты паказваюць, што гледачы ўсё часцей успрымаюць сінтэтычныя твары як больш рэальныя, чым сапраўдныя.
Вядомыя порназоркі рызыкуюць больш за ўсё. Іх твары і відэа ўжо выкарыстоўваюць для трэніроўкі мадэляў або для стварэння дыпфэйкаў без іх згоды. Некаторыя спрабуюць не змагацца з хваляй, а зарабіць на ёй. Яны ліцэнзуюць свае вобразы для стварэння афіцыйных AI-клонаў, што прыносяць прыбытак праз чаты і данаты.
Скрын аднаго з відэа, у якіх расказваецца, як ствараць фэйкавыя выявы. Крыніца: wired.com
Для аматараў і мадэляў на OnlyFans штучны інтэлект стаў карысным інструментам. Відэагенератары скарачаюць стварэнне роліка з дзён да гадзін, а чат-боты бяруць на сябе самую прыбытковую частку — прыватныя паведамленні.
Змены закранулі і пасрэднікаў. Студыі сутыкнуліся з тым, што іх фільмы выкарыстоўваюцца для навучання ботаў. Акцёры цяпер патрабуюць у кантрактах пункты, якія забараняюць выкарыстанне іх працы для AI-трэніровак.
Платформы таксама выбіраюць розныя стратэгіі. OnlyFans дазваляе толькі часткова апрацаваны кантэнт, робячы стаўку на рэальнасць. Іншыя сайты, накшталт Fanvue, наадварот, рэкламуюць AI-кантэнт. Празрыстасць і маркіроўка становяцца ключавымі фактарамі для новых сацыяльных платформаў.
Якія рызыкі
У цэлым ШІ абяцае значна павысіць прадукцыйнасць у галіне. Хоць гэта, верагодна, адбярэ працу ў некаторых акцёраў порна. Аднак з ШІ будзе меней патрэбы ў небяспечных або экстрэмальных сцэнах, менш рызыкі інфекцый, менш фізічнага прымусу.
Галоўная небяспека новай эры — гэта патэнцыйная нармалізацыя гвалту і махлярства. Дабрачынная арганізацыя Internet Watch Foundation фіксуе рэзкі рост колькасці згенераваных выяў сэксуальнага гвалту над дзецьмі.
За першыя дзесяць месяцаў 2025 года паведамленняў пра іх стала больш чым удвая, чым за ўвесь 2024-ы. Хоць пры стварэнні такога кантэнту рэальныя дзеці не пакутуюць, эксперты баяцца, што гэта размывае маральныя межы.
Акрамя таго, статыстыка паказвае сувязь паміж порна і рэальным жыццём: рост папулярнасці агрэсіўных практык на экране прывёў да таго, што больш за 40% жанчын ва ўзросце 25—29 гадоў сутыкаліся падчас сэксу з душэннем з боку партнёра па ўзаемнай згодзе.
Медыкі папярэджваюць: «бяспечнага ўдушэння» не існуе, чалавек можа страціць прытомнасць за секунды. У Вялікабрытаніі нават прапануюць прыняць закон, які б забараніў порна са сцэнамі ўдушэння.
Штучны інтэлект актыўна выкарыстоўваецца для стварэння дыпфэйкаў і працы сэрвісаў па «распрананні», якія прыбіраюць адзенне з фатаграфій рэальных людзей. За паўгода 85 такіх сайтаў наведалі 18,5 мільёна разоў, а іх уладальнікі зарабілі на гэтым 36 мільёнаў даляраў. Стварыць праўдападобнае падробленае відэа з чужым тварам сёння можна менш чым за 25 хвілін.
Ахвярамі ўсё часцей становяцца не знакамітасці, а звычайныя людзі, чые фота лёгка знайсці ў сеціве. Калі для адных карыстальнікаў гэта спосаб стварыць ілюзію блізкасці, то для махляроў — сродак шантажу. Маштаб праблемы палохае: апытанні паказваюць, што каля траціны жанчын і пятая частка мужчын у ЗША і Еўропе турбуюцца, што могуць стаць мішэнню такой падробкі.
Рэгулятары па ўсім свеце спрабуюць увесці законы супраць распаўсюджвання дыпфэйкаў і абавязаць маркіраваць сінтэтычны кантэнт, але тэхналогіі развіваюцца хутчэй за заканадаўства.
Фактычна, адзінымі рэальнымі кантралёрамі застаюцца глабальныя плацежныя сістэмы накшталт Visa і Mastercard, якія могуць блакаваць плацяжы сайтам-парушальнікам.
У канчатковым выніку інтэрнэт рызыкуе хутка патануць у бясконцым патоку экстрэмальнай сінтэтычнай эротыкі. Аднак эксперты спадзяюцца, што менавіта гэтая штучнасць можа парадаксальным чынам падкрэсліць каштоўнасць сапраўднага чалавечага кантакту. Ва ўмовах, калі ўспрыманне рэальнасці скажаецца алгарытмамі, жывыя адносіны і сапраўдная блізкасць могуць стаць галоўным дэфіцытам і каштоўнасцю будучыні.
Чытайце таксама:
ШІ-порна пачынае выцясняць звычайнае. «Онліфанз» ператвараецца ў платформу дыпфэйкаў
У ChatGPT можна будзе генераваць эротыку