Пакуль жанчына завіхалася на агародзе, яе дом абакралі
Выпадак адбыўся ў пачатку кастрычніка ў Мазыры.
Работы на прысядзібным участку каштавалі жыхарцы Мазыра мабільнага тэлефона, наяўных грошай і банкаўскай карткі. Пакуль жанчына была ў агародзе, невядомы пранік у незачынены дом і абакраў яе.
Знайсці злачынцу дапамаглі спецыялісты Мазырскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Пры аглядзе месца здарэння эксперт выявіў на ўваходных дзвярах след пальца рукі.
Праверка з дапамогай аўтаматызаванай дактыласкапічнай інфармацыйнай сістэмы ўстанавіла яго прыналежнасць мужчыну 1989 года нараджэння, якога раней судзілі за здзяйсненне маёмасных злачынстваў.
Мужчыну затрымалі. Да гэтага моманту ён паспеў некалькі разоў скарыстацца карткай.