БЕЛ Ł РУС

У Фаніпалі запусцяць вытворчасць віскі па шатландскай тэхналогіі

4.12.2025 / 12:49

Nashaniva.com

У Фаніпаля ідзе будаўніцтва завода «Бровар «Саюз», які стане першай у краіне вытворчасцю прэміяльных дыстылятаў поўнага цыкла. Запуск намечаны на 2026 год. Гэты праект, лічаць яго аўтары, можа зрабіць горад адным з цэнтраў прамысловага турызму, піша fanipol.by. 

Праект рэалізуе ЗАТ «ДГ-Цэнтр», якое таксама развівае ў раёне вытворчасць чорнай ікры і будуе жылыя шматпавярховыя дамы.

«У гэтай вытворчасці вельмі высокі патэнцыял прамысловага турызму. І ў нашых планах злучыць два прадпрыемствы: вытворчасць чорнай ікры і вінакурню «Саюз», — кажа дырэктар кампаніі Уладзімір Даўгяла.

Галоўная асаблівасць фаніпальскай вытворчасці — класічная шатландская тэхналогія з выкарыстаннем медных аламбікаў. Такое абсталяванне ўнікальнае для Беларусі. Яно дазволіць вырабляць асаблівыя спірты, якія пасля вытрымкі ў дубовых бочках стануць асновай для віскі і іншых напояў.

«Тыя спірты, якія вырабляюць медныя кубы аламбікі, па сваіх фізіка-хімічных уласцівасцях адрозніваюцца ад усіх іншых спіртоў, якія выкарыстоўваюцца на нашых айчынных прадпрыемствах, таму мы не будзем нікому канкурэнтамі», — растлумачыў Уладзімір Даўгяла.

Плануецца, што завод будзе выпускаць збожжавыя і соладавыя дыстыляты для віскі, а таксама эксперыментаваць з вытворчасцю джынаў. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула