БЕЛ Ł РУС

«Пяты год жыву ў Польшчы, і ні разу не сутыкнуўся са «спердаляй» — штодня я тут бачу іншае»

4.12.2025 / 13:14

Nashaniva.com

На рэзанансны артыкул «Нашай Нівы» «Не хачу чуць «спердаляй да Украіны» толькі таму, што размаўляю з бацькамі па тэлефоне на рускай». Беларусы дзеляцца, чаму вяртаюцца з Польшчы» адрэагаваў у фэйсбуку Аляксандр Чыгір. Ён расказвае пра свой досвед жыцця ў Польшчы.

Ужо пяты год жыву ў Польшчы — і ні разу не сутыкнуўся ні са «спердаляй», ні з якой-небудзь формай ксенафобіі. Не выключаю, што такія выпадкі здараюцца, але ў маім асабістым досведзе не было нават намёку.

Палякі, з якімі мне давялося мець справу, — людзі, максімальна адкрытыя свету і з павагай ставяцца да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Толькі добрае магу сказаць і пра інспектараў з MOРSa, і пра паліцэйскіх, і пра лекараў, медсясцёр…

Мая суседка ўжо не адзін год цалкам бескарысліва дапамагае маёй сям’і — і такіх людзей тут пераважная большасць.

Я знаходжуся ў групе свайго раёна ў Facebook — некалькі дзён таму там з’явілася паведамленне з намёкам на тое, што ўкраінцам «варта было б застацца ў сябе ў краіне, бо баявыя дзеянні вядуцца не ўсюды».

З дзесяці каментарыяў — дзесяць асудзілі такую пазіцыю, частка карыстальнікаў адзначыла, што аўтар дзейнічае ў інтарэсах Пуціна ў Польшчы. Гэта вельмі паказальны маркер грамадскіх настрояў.

Вядома, існуюць складаныя тэмы — ад Валыні да выпадкаў асацыяльных паводзін асобных мігрантаў, як украінцаў, так і беларусаў. Ёсць цяжкасці камунікацыі, як і ў любой шматнацыянальнай прасторы. Але гэтыя праблемы нават блізка не параўнальныя з «яўрэйскім пытаннем» у СССР ці з тым стаўленнем, якое часта дэманструе глыбінны беларускі соцыум да замежнікаў і суседніх народаў.

Нагнятанне тэмы міжнацыянальнай варожасці ў форме «спердаляй» — не выпадковасць, а частка гібрыднай атакі. Мэта — убіць клін паміж людзьмі, стварыць недавер, распаліць канфлікты там, дзе іх няма. Гэта тэхналогія, а не рэальнасць паўсядзённага жыцця.

Судзячы па маёй стужцы ў Facebook, падобныя наратывы прасоўваюць адны і тыя ж людзі. Не ведаю, што імі рухае — уласная дурнота, пыха ці патрабаванне працадаўцы…

Тут, у Польшчы, я штодня бачу іншае: узаемную павагу, гатоўнасць дапамагчы і здольнасць да салідарнасці — якасці, якія, спадзяюся, ніякая прапаганда не зможа падарваць.

Чытайце таксама:

Даследаванне: як жывуць і зарабляюць беларусы ў Польшчы

У якіх краінах беларусам можна хутчэй атрымаць грамадзянства?

Польшча атрымае ад ЕС 44 мільярды еўра на «Усходні шчыт»

«Не хачу чуць «спердаляй да Украіны» толькі таму, што размаўляю з бацькамі па тэлефоне на рускай». Беларусы дзеляцца, чаму вяртаюцца з Польшчы

Каментары да артыкула