Прыбіральшчыцы ў школе не працягнулі кантракт — яна адсудзіла 10 заробкаў
Як атрымалася?
Ілюстрацыйнае фота. Фота AP Photo / Michal Dyjuk
Вольга (імя зменена) працавала ў адной са школ Гродзенскай вобласці. Улетку ў жанчыны заканчваўся кантракт. Ведаючы, што сумленна выконвае свае абавязкі, яна напісала заяву з просьбай працягнуць яго на максімальны тэрмін. Але праз некалькі дзён атрымала паведамленне аб звальненні, і неўзабаве была звольнена, паведамляе сайт Федэрацыі прафсаюзаў.
— Па агульным правіле кантракт у межах пяцігадовага тэрміну працягваецца па згодзе бакоў. Гэта значыць аднаго жадання работніка недастаткова. Паколькі Вольга не адносіцца да асобных катэгорый, з якімі наймальнік павінен працягваць працоўныя адносіны, яе, здавалася б, можна было звольніць.
Аднак ва ўстанове не ўлічылі ўмовы калектыўнай дамовы, — звяртае ўвагу прававы інспектар працы Юлія Шыркавец. — Ім устаноўлена: калі работнік не парушае вытворча-тэхналагічную, выканаўчую і працоўную дысцыпліну, з ім абавязаны працягнуць кантракт.
Нягледзячы на довады прафсаюзнага юрыста, адміністрацыя школы працягвала стаяць на сваім, і справа дайшла да суда.
Наймальнік спрабаваў даказаць, што на Вольгу згаданае палажэнне калектыўнай дамовы не распаўсюджваецца: жанчыне, маўляў, не раз рабілі вусныя заўвагі за спазненні, а значыць, яе нельга лічыць сумленным работнікам. Але чаму ў такім выпадку, ад жанчыны не запатрабавалі тлумачальных запісак і не прынялі якіх-небудзь мер? За ўвесь год да заканчэння кантракта ў Вольгі не было ні аднаго спагнання.
— Звальненне работніцы прызналі незаконным з-за парушэнняў умоў калектыўнай дамовы. Да моманту вынясення рашэння школу, дзе працавала Вольга, ліквідавалі, а сама яна ўжо знайшла новую працу. Аднавіць прыбіральшчыцу на ранейшым месцы было немагчыма, і суд, як прадугледжана для падобных сітуацый ч.2 арт.243 Працоўнага кодэкса, усклаў на наймальніка абавязак выплаціць кампенсацыю ў памеры дзесяцікратнага сярэднемесячнага заробку, — тлумачыць прававы інспектар працы. — З улікам кампенсацыі маральнай шкоды Вользе належыць звыш 8 тысяч рублёў. Наймальнік спрабаваў абскардзіць рашэнне, але апеляцыйная інстанцыя пакінула яго ў сіле.