Літва і ЗША будуць размаўляць, каб прызнаць гібрыдныя атакі Беларусі тэрарыстычнымі дзеяннямі
Прэм’ер-міністр Літвы сказала, што атрымала пацвярджэнне — ЗША будуць падтрымліваць Літву, якая спрабуе вярнуць затрыманыя ў Беларусі цягачы. Па словах Інгі Ругінене, з амерыканцамі ўжо гавораць пра магчымасць прызнаць гібрыдныя атакі Мінска тэрарыстычнымі дзеяннямі, піша Delfi.lt.
Інга Ругінене. Фота: Foto Olimpik/NurPhoto via Getty Images
«Я рада, што ўжо размаўляла непасрэдна з амерыканцамі, вельмі спадзяюся, што ў найбліжэйшы час адбудзецца сустрэча з вока на вока, мне здаецца, нам ёсць пра што пагаварыць. (…) На сёння ў мяне ёсць запэўніванні ў тым, што амерыканцы нам дапамогуць, нікому не прымаецца той факт, што Беларусь сёння трымае транспарт нашых перавозчыкаў у закладніках, што метэазонды з Беларусі лётаюць у бок нашых стратэгічных аб’ектаў», — сказала журналістам прэм’ер-міністр.
«Мы гаворым пра тое, што гэтыя дзеянні павінны быць прызнаныя тэрарызмам», — заўважыла Ругінене.
З-за частых закрыццяў аэрапорта ў Вільні фінская авіякампанія Finnair ужо аб’явіла пра скасаванне аднаго вячэрняга рэйса з Хельсінкі ў Вільню. Гэта рашэнне кампаніі будзе дзейнічаць да канца 2026 года.
Па словах прэм’ер-міністра, Літва прапанавала авіякампаніям на льготных умовах перанесці рэйсы ў Коўну, аднак канчатковыя рашэнні павінны прыняць авіяперавозчыкі.
«Авіякампаніі вырашаюць, мяняць ці напрамак, хтосьці застаецца, хтосьці сур’ёзна абмяркоўвае змену аэрапорта на Коўну, хтосьці карэктуе расклад», — заўважыла Ругінене.
«З нашага боку галоўнае — прапанаваць зніжкі і добрыя ўмовы, каб авіяперавозчыкам было зручна, мы разумеем, што падзелім з імі фінансавую нагрузку», — дадала прэм’ер.
З-за паветранай кантрабанды другі месяц даводзіцца закрываць аэрапорт Вільні па начах. Апошні раз аэрапорт не працаваў у ноч на чацвер, ён закрываўся нават тройчы, масіраваная атака фіксавалася і ў мінулую нядзелю.