БЕЛ Ł РУС

У суд перадалі справу абвінавачаных у карупцыі супрацоўнікаў «Белшыны»

4.12.2025 / 23:12

Nashaniva.com

Генпракуратура перадала ў суд крымінальную справу супраць дзевяці супрацоўнікаў бабруйскага прадпрыемства «Белшына», яе даччыных структур і іншых асоб. Ім выстаўленыя абвінавачанні ў атрыманні і дачы асабліва буйных хабараў, перавышэнні службовых паўнамоцтваў і пасярэдніцтве ў хабары, паведаміла Генеральная пракуратура.

Андрэй Бунакоў. Фота Вікторыі Аніскевіч-Клапоцкай

Хоць у паведамленні Генпракуратуры не называюцца канкрэтныя прадпрыемствы, але згадваецца пра вытворчасць шын. Таму зразумела, што гаворка ідзе пра «Белшыну», бо гэта адзіны ў краіне вытворца шын. Ранейшы гендырэктар прадпрыемства Андрэй Бунакоў быў звольнены ў 2022 годзе за тое, што падпісаў нявыгадны кантракт на пастаўку буйнагабарытных шын у Расію па заніжаных цэнах, а ў лютым 2023 года на пэўны час арыштоўваўся.

Паводле версіі следства, арганізаваная група працавала ў Беларусі і Расіі з канца 2017‑га да ліпеня 2024 года. У яе ўваходзілі кіраўнікі расійскіх гандлёвых прадстаўніцтваў «Белшыны», кіраўніцтва самога беларускага завода і шэраг іншых асоб. Кіраўніком схемы следства лічыць аднаго з кіраўнікоў маскоўскай фірмы, якая займалася продажам шын.

Гэты чалавек нібыта прыдумаў і кантраляваў схему: вызначаў, якім расійскім кампаніям прадаваць прадукцыю, устанаўліваў памер хабару — 1% ад сумы паставак без ПДВ, размяркоўваў ролі ў групе і прыцягваў новых удзельнікаў.

Паводле Генпракуратуры, сумы хабараў за патрэбныя аб’ёмы і асартымент шын складалі ад 360 тысяч да 35,5 мільёна расійскіх рублёў. Усяго з 2018 па 2024 год, паводле ацэнак следства, было атрымана каля 560 мільёнаў расійскіх рублёў.

Андрэй Бунакоў таксама застаецца фігурантам справы. Яго абвінавачваюць у перавышэнні паўнамоцтваў, якое нанесла прадпрыемству асабліва буйную шкоду. Ён арганізаваў пастаўку больш як 7,6 тысячы шын на 80,3 мільёна рублёў пры фактычным сабекошце большым за 90 мільёнаў. Маскоўская структура потым прадала гэтыя шыны з нацэнкай не менш як 93,7 мільёна рублёў.

Падчас следства шэсць абвінавачаных заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве, але двое не выканалі яго ўмовы.

Цікава, што пасля вызвалення з СІЗА Бунакоў паспеў папрацаваць да снежня 2024 года кіраўніком кампаніі «Марскі тэрмінал «Портарктык», якая будуе лагістычны хаб пад Мурманскам.

Чытайце таксама:

З «Белшыны» знялі еўрапейскія санкцыі, але яна працягвае працаваць на расійскую ваенную машыну

Порт для Беларусі ў Мурманску будзе будаваць былы дырэктар «Белшыны», якога год таму арыштоўвалі

Арыштавалі генеральнага дырэктара «Белшыны»

Каментары да артыкула