«Вызвалялі немцаў ад фашызму, а самі заставаліся ў тым жа дзярме». Апублікавана трэцяя частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра савецкія рэпрэсіі
З'явілася трэцяя частка жахлівых успамінаў вядомага беларускага літаратурнага крытыка Рыгора Бярозкіна пра сваё сутыкненне з савецкай рэпрэсіўнай машынай. Калі папярэднія сшыткі ахоплівалі страшны 1941 год і выратаванне ў час «марша смерці» зняволеных, то гэтыя запісы прысвечаны пасляваеннаму часу ў Германіі, ілюзіі свабоды і непазбежнаму другому арышту.
Рыгор Бярозкін (злева) у рэдакцыі газеты «Советское слово» вясной 1945 года. Крыніца: belisrael.info
«Не дай прапасці майму жыццю» — гэта расшыфроўка гутарак 1979 года беларускага крытыка Рыгора Бярозкіна і маскоўскага літаратуразнаўца Ісака Крамава. Запісы праляжалі ў стале больш за 40 гадоў: абодва суразмоўцы неўзабаве памерлі, так і не паспеўшы апублікаваць кнігу. Нядаўна рукапісныя сшыткі расчытала архівістка Маруся Шанаурына.
Калі ў папярэдніх частках Бярозкін апісваў даваенныя рэпрэсіі, здраду калег і сваё цудоўнае выратаванне падчас «марша смерці» 1941 года, то трэцяя частка прысвечана пасляваеннаму жыццю ў Берліне і новаму, непазбежнаму арышту.
Гэты тэкст — унікальнае сведчанне эпохі. Бярозкін апісвае сюррэалістычнае жыццё пераможца, які ходзіць па вуліцах Берліна ў афіцэрскіх пагонах, сядзіць у тэатры побач з кіраўніцтвам ГДР, але пры гэтым кожную хвіліну чакае, што па яго душу прыйдуць «свае».
Савецкі афіцэр у пераможаным Берліне
Пасля заканчэння вайны Бярозкін, які атрымаў афіцэрскае званне, застаўся ў Берліне. Ён працаваў у газеце савецкай ваеннай адміністрацыі «Советское слово» на пасадзе «пісьменніка ў газеце». Гэта давала яму магчымасць шмат ездзіць па савецкай зоне акупацыі, наведваць тэатры і назіраць за жыццём немцаў.
Бярозкіна ўражвала нямецкая ментальнасць, якую ён характарызаваў як «дзікае пакланенне перад уніформай» і паслухмянасць любой уладзе. Ён адзначае парадокс: людзі, якія зусім нядаўна служылі Гітлеру, цяпер з той жа педантычнасцю выконвалі загады савецкіх камендантаў.
Успаміны поўныя кантрастаў: з аднаго боку — высокі інтэлектуальны дух Гётэ, якім ганарылася нямецкая інтэлігенцыя, з другога — поўная абыякавасць ці нават адмаўленне злачынстваў нацызму. Людзі, якія жылі побач з Бухенвальдам, прыкідваліся, што нічога не ведалі пра лагер смерці.
Ілюзія свабоды і цень мінулага
Нягледзячы на адносную свабоду — паходы ў рэстараны, знаёмства з пісьменнікам Віктарам Някрасавым, нядаўнім лаўрэатам Сталінскай прэміі, — Бярозкіна не пакідала пачуццё трывогі.
Ён прызнаецца: «Паміраць буду — буду ўспамінаць сваё вольнае жыццё». Але гэта была свабода пад прыцэлам. Страх перад запаўненнем анкет, дзе трэба было тлумачыць свой статус у 1941 годзе, быў пастаянным спадарожнікам.
У 1946 годзе Бярозкін зрабіў адчайную спробу легалізаваць сваё становішча. Ён паехаў у Мінск, каб сустрэцца з сябрам Аркадзем Куляшовым і «павініцца». Куляшоў хадзіў прасіць за яго да Панцеляймона Панамарэнкі, тагачаснага кіраўніка БССР. Той, даведаўшыся, што Бярозкін сумленна ваяваў, даў дабро на аднаўленне ў Саюзе пісьменнікаў.
Бярозкін палічыў гэта поўным дараваннем, але, як паказаў час, гэта была толькі адтэрміноўка.
«Ну і на чым жа мы спыніліся?»
Другі арышт адбыўся 19 ліпеня 1949 года ў Берліне. Гэта супала з разгарам кампаніі па барацьбе з «касмапалітызмам» і разгромам Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта.
Бярозкін праводзіць прамую паралель паміж дзеяннямі нацыстаў у 1941 годзе, якія адбіралі для расстрэлу з натоўпу бежанцаў «інтэлігентаў», бо сярод іх найчасцей былі яўрэі, і дзеяннямі савецкай улады пасля перамогі, якая пачала паляванне на «касмапалітаў», пад якімі меліся на ўвазе яўрэі.
«Толькі што знішчылі фашызм — і тут жа ў сябе… Спачатку трэба было інтэлігенцыю».
Затрыманне выглядала будзённа: Бярозкін ішоў дадому, а каля пад'езда ўжо чакаў «куратар». Усё, што паспеў зрабіць пісьменнік — разлічыцца з хатняй работніцай. Яго кінулі ў поўны блох падвал, які выкарыстоўваўся і пры нацыстах.
Следчы, маёр Нячаеў, пачаў допыт з фразы, якая перакрэсліла ўсе гады вайны і подзвігаў: «Ну і на чым жа мы спыніліся 22 чэрвеня 1941 года?».
Абвінавачванні гучалі абсурдна. Следчыя вярнуліся да справы 1941 года, дадаўшы да «антысавецкіх размоў» новы пункт — «уцёкі з-пад варты».
Рыгор Бярозкін у часы вайны. Крыніца: mishpoha.org
Той факт, што Бярозкін цудам выжыў падчас расстрэлу калоны зняволеных і далучыўся да Чырвонай Арміі, трактаваўся як злачынства.
«Чэрчыль таксама ваяваў з Гітлерам», — парыраваў следчы на аргументы пра фронт.
Следства вялося цынічна. Ад Бярозкіна патрабавалі паказанняў на людзей, якія даўно загінулі на фронце або былі расстраляныя самім НКВД яшчэ перад вайной, як Зэлік Аксельрод.
Следчы Нячаеў сумаваў на допытах, лічыў грошы, але калі трэба было паказаць службовы імпэт, ператвараўся ў рэжысёра.
«Прымушаў аднойчы мяне стаць на калені, сеў лёгка верхам і кажа:
— Крычы.
Каб начальнікі чулі, што добра дапытвае. Падонак».
З аднаго лагера ў другі
У камеры Бярозкін сустрэў людзей, для якіх розніца паміж нацызмам і сталінізмам была толькі ў форме. Ён сядзеў з нямецкім камуністам, які адбыў 11 гадоў у канцлагерах Гітлера, каб адразу трапіць у турму «вызваліцеляў». Сядзеў з сацыял-дэмакратам, якога чэкісты выкралі з Заходняга Берліна, дзейнічаючы як бандыты: «Укол у задніцу, загарнулі ў дыван, перавезлі ва Усходні Берлін».
Гэта прыводзіць аўтара да горкай філасофскай высновы, якую ён называе «камертонам усёй вайны»:
«Адзін бок нашай дзяржавы: мы вызвалялі немцаў ад фашызму, дзікі парадокс — самі застаемся ў тым жа дзярме».
Савецкая следчая турма ў Берліне, пазней — турма Штазі. Крыніца: Wikimedia Commons
«А калі вайна з Амерыкай, хто пераможа?»
Следства ў 1949 годзе праходзіла на фоне разгортвання Халоднай вайны. Бярозкін апісвае «даверлівую» гутарку з маёрам Нячаевым, якая выкрывае поўную ідэалагічную пустату тых, хто павінен быў абараняць савецкі лад.
— Як ты думаеш, вайна будзе з Амерыкай? — пытаўся следчы паміж пратаколамі.
— Па-мойму, не.
— А калі будзе, хто пераможа, як думаеш?
— Нашы, — асцярожна адказаў Бярозкін, разумеючы, што нельга паддавацца на правакацыю.
— Як па мне — *уя.
Гэта канчаткова пераканала вязня: перад ім сядзяць не былыя ідэйныя чэкісты, а «крымінальнікі і псіхапаты, хлусы, маральна разбэшчаныя кар'ерысты, крывадушнікі, якія ні ва што не вераць і ведаюць, што ты ні ў чым не вінаваты».
Калі Бярозкіна перавозілі з Берліна ў Брэст, то ўсім салдатам, прыстаўленым да яго ўнушылі, што вязуць найважнейшага амерыканскага агента. Аднойчы Бярозкін сказаў лейтэнанту:
— Лейтэнант, пройдзе няшмат часу, і вы будзеце вельмі саромецца сваіх дзеянняў.
— Чаму, амерыканцы прыйдуць?
— Чаму? Амерыканцы ніколі не прыйдуць у нашу краіну. Проста перастануць катаваць нявінных людзей.
«Спіна чорная ад чарнілаў»
Апісваючы метады ціску, Бярозкін згадвае эпізод свайго першага арышту.
«Мой першы арышт у Мінску: ведалі, што мужнасцю не адрозніваюся, катаванняў баюся — трымалі на канвееры, па мордзе — гэтага хапала. Аднойчы ў камеру кідаюць маладога хлопца. Ён падымае кашулю — спіна чорная. Аказалася потым — вымазаная чарнілам спіна, каб паказаць, што са мной будзе. Гэта дзейнічала страшна».
Чытаючы гэтыя радкі, разумееш паходжанне прапагандысцкага наратыву 2020 года. Тады многіх шакавалі цынічныя заявы ўладаў пра тое, што сінія ад збіцця спіны і ногі людзей нібыта намаляваныя фарбай. Цяпер пазл складаецца: нашчадкі чэкістаў добра ведалі «прафесійныя сакрэты» сваіх папярэднікаў і проста люстэркава перанеслі гэты досвед на сваіх ахвяр.
Кола замкнулася ў мінскай турэмнай камеры
Этапаванне ў Мінск стала замыканнем кола. Бярозкіна прывялі ў тую ж самую камеру, дзе ён сядзеў у 1941-м. Але адна дэталь змянілася.
«Усё як тады, толькі адна са сцен — насупраць дзвярэй — зрашэчаная кулямі… спачатку чорныя адтуліны на ўзроўні галавы чалавека, сэрца, ніжэй… Там — расстрэльвалі. Толькі хто расстрэльваў? Немцы? Нашы? Цяжка сказаць».
Для вязня перад гэтай сцяной ужо не было розніцы, хто націскаў на курок — НКВД ці гестапа. Вынік быў аднолькавы. Але Бярозкіна чакаў іншы лёс — ён атрымаў 10 гадоў лагераў.