Сырскі: Уздоўж лініі фронту разгорнута больш за 700 тысяч расійскіх вайскоўцаў
Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі заявіў у інтэрв'ю Sky News, што для Украіны непрымальна проста здаць тэрыторыю ў рамках любога мірнага пагаднення з Расіяй.
Фота: Wolfgang Schwan / Anadolu via Getty Images
Паводле яго слоў, справядлівы мір можа быць дасягнуты толькі ў тым выпадку, калі баявыя дзеянні будуць спыненыя па бягучай лініі фронту, а затым будуць праведзены перамовы, паведамляе Бі-бі-сі.
Сырскі даў зразумець, што ўкраінскія вайскоўцы будуць працягваць змагацца, калі дыпламатычныя намаганні пацерпяць няўдачу, і папярэдзіў, што на карту пастаўлены лёс усёй Еўропы.
— Наша галоўная задача — абараняць нашу зямлю, нашу краіну і наша насельніцтва, — сказаў ён. — Натуральна, для нас непрымальна проста здацца і аддаць тэрыторыю. Што гэта ўвогуле значыць — здаць нашу зямлю? Менавіта таму мы і змагаемся, каб не здаваць нашу тэрыторыю.
— Усе войны ў рэшце рэшт заканчваюцца, і, вядома, мы спадзяемся, што і гэтая вайна скончыцца. А калі гэта адбудзецца, павінен быць усталяваны справядлівы мір. У маім разуменні, справядлівы мір — гэта мір без папярэдніх умоў, без саступкі тэрыторыі, — дадаў Сырскі.
Паводле яго слоў, больш за 710 тысяч расійскіх салдат разгорнуты ўздоўж лініі фронту, пры гэтым расійскі бок губляе каля 1000—1100 салдат у дзень, забітых або параненых.
— На дадзеным этапе расійская армія спрабуе прасоўвацца практычна па ўсёй лініі фронту, — сказаў генерал.