«Гэта толькі пытанне часу»: Віціс Юрконіс пра новыя захады Літвы супраць Мінска
Ці будзе Літва зноў закрываць памежныя пераходы з Беларуссю? Чаму Мінск ідзе на эскалацыю менавіта цяпер і як гэта ўплывае на спробы палепшыць стасункі з ЗША і ЕС? Навошта ў Вільні абмяркоўваюць план «Прывітанне Лукашэнку» і якую ролю застаецца адыгрываць беларускай дыяспары? На гэтыя пытанні Белсату адказаў дацэнт Віленскага ўніверсітэта Віціс Юрконіс.
Фота: БелТА
Віціс Юрконіс падкрэслівае, што рызыка паўторнага закрыцця літоўска-беларускай мяжы рэальная.
«Вядома, так. Я думаю, што сапраўды не выключана», — кажа ён. Са слоў эксперта, літоўскі ўрад ужо даваў зразумець, што гатовы паўтарыць гэты крок, калі абставіны зноў гэтага запатрабуюць.
Юрконіс адзначае, што паводзіны Мінска не даюць падстаў чакаць дээскалацыі.
«Мы бачым, што няма ніякага руху з боку беларускага рэжыму», — падкрэслівае ён. Наадварот, сітуацыя пагаршаецца. «Тысячы дальнабойшчыкаў сталі закладнікамі рэжыму, плюс рэжым настойвае на тым, што трэба сесці за стол перамоваў на палітычным узроўні, што, вядома, не будзе».
Са слоў эксперта, пры такім развіцці падзей Літва практычна непазбежна будзе ўзмацняць ціск на Мінск.
«Я думаю, што і гэтая мера, і дадатковы санкцыйны пакет, і дадатковыя аргументы ў плане міжнароднай адказнасці — яны дакладна будуць», — кажа ён, гэта «толькі пытанне часу».
Юрконіс тлумачыць, што нядаўняе паўторнае адкрыццё мяжы не было звязана з незадаволенасцю ўнутры Літвы.
«Пераадкрыццё мяжы было не праз тое, што гэта была нейкая вялікая незадаволенасць літоўскага насельніцтва», — кажа ён. Галоўнай прычынай стала нервовая і хаатычная рэакцыя Мінска.
«У першыя дні Лукашэнка нагаварыў практычна на ўвесь месяц і потым знік… мы бачылі, што яны перагрупаваліся. На працягу пары дзён прынялі контрмеры, дзе, як тэрарыстычная дзяржава, узялі новых закладнікаў. Акрамя палітвязняў — яшчэ і літоўскіх дальнабойшчыкаў», — лічыць эксперт.
Ён падкрэслівае, што ў такой сітуацыі рэагаваць у адзіночку Літве недальнабачна — трэба ўключаць механізмы ЕС.
«Гэта не толькі пытанне Літвы. Пацярпелі не адна краіна і не адна кампанія», — адзначае ён.
У гэтым кантэксце Юрконіс звяртае ўвагу, што ў міжнароднага права ёсць інструменты ўздзеяння.
«Калі глядзець з боку міжнароднага права і арбітражаў, можна падрыхтавацца да таго, што рэжым сыдзе ў мінус», — кажа ён, маючы на ўвазе магчымыя кампенсацыі, прэтэнзіі і арбітражныя разборы супраць Мінска.
Эскалацыя супраць спробаў «размарозкі»
Юрконіс адзначае, што эскалацыя, зладжаная Мінскам, цалкам супярэчыць спробам наладзіць стасункі з Захадам.
«Мы бачым, што ў Мінск прыязджалі амерыканскія дэлегацыі, аналітыкі звярнулі ўвагу, што ёсць нейкія спробы размарозіць стасункі паміж рэжымам Лукашэнкі і некаторымі краінамі заходняга свету. Калі быццам бы ўжо пайшла нейкая размова, калі ёсць нейкая надзея ў беларускага рэжыму, што тут і віншаванні хтосьці піша з Вашынгтона, і што ў Францыі хтосьці прыслухоўваецца да беларускіх дыпламатаў, гэты ўвесь эксцэс выглядае як стрэл сабе ў нагу на ўсе гэтыя намаганні, якія рабіліся да гэтага», — кажа ён
Ён нагадвае: нават тыя, хто казаў, што трэба абмяркоўваць толькі праваабарончыя пытанні, цяпер вымушаныя глядзець шырэй — на варожыя паводзіны Мінска, прысутнасць вагнераўцаў, уключанасць беларускіх прадпрыемстваў у ВПК РФ, размяшчэнне ў Беларусі «Арэшніка».
Пра план «Прывет Лукашэнку»
Асобна Юрконіс пракаментавала ідэю дэпутата Лаўрынаса Кашчунаса аб плане «Прывет Лукашэнку».
«Шчыра кажучы, я не вельмі разумею сутнасць такіх слоў», — кажа ён. На яго думку, у Літве выяўляюцца элементы ўнутрыпалітычнай канкурэнцыі, якія негатыўна адбіваюцца на замежнай палітыцы.
«Літва на працягу дзесяцігоддзяў ужо па замежнай палітыцы практычна трымала адну лінію, усе партыі. І мы зараз бачым нейкае разыходжанне [паміж урадам і апазіцыяй], і мне здаецца, гэта не вельмі добрая тэндэнцыя, таму што для краін-рэжымаў у Крамлі і ў Мінску такія сітуацыі найбольш зручныя. Яны найбольш эфектыўна працуюць, калі могуць выкарыстоўваць гэты аспект «падзяляй і ўладар», — адзначае эксперт.
Юрконіс лічыць, што калі хтосьці прапануе жорсткія меры, ён павінен прыходзіць «з канкрэтным планам», абмяркоўваць яго з усімі партыямі і дамагацца адзінай пазіцыі.
Адсутнасць дыстанцыявання ад Расіі і роля беларускай дыяспары
Гаворачы аб дзеяннях Мінска, Юрконіс падкрэслівае, што цяперашнія паводзіны ствараюць аргументы супраць любых спробаў «размарозкі». Ён паказвае, што Захад дагэтуль не ўбачыў ні найменшых доказаў дыстанцыявання Мінска ад Крамля.
«За апошні час мы не бачылі ніякіх рэальных крокаў у гэтым кірунку. У кірунку дыстанцыявання сябе ад Крамля, хоць бы міліметр за міліметрам, як гэта робіць Арменія, гэтага не бачым», — звярнуў ён увагу.
З ягоных слоў, у Вашынгтоне могуць хутка ўсвядоміць, што Менск толькі «зацягвае час», і тады «ніхто цацкацца не будзе».
Адказваючы на пытанне пра ролю беларускай дэмакратычнай дыяспары, Юрконіс кажа, што цяпер асабліва важна не паддавацца стомленасці і не дазваляць Мінску сутыкаць літоўцаў і беларусаў.
«Вельмі важна паказваць, што вораг тут адзін. Гэта той самы чалавек, які катаваў людзей, які забівае людзей, які саджае людзей — беларусаў, і літоўцаў, і немцаў, у краіне, дзе людзі свабодныя становяцца закладнікамі гэтай сітуацыі. І не трэба блытаць, хто там вінаваты праз закрыццё мяжы, праз усе абмежаванні, праз санкцыі», — кажа дацэнт.
Ён заклікае беларускую дыяспару памятаць: «Барацьба 2020 года не скончаная, ніхто не перагортвае старонку».
Юрконіс лічыць, што менавіта фокус, згуртаванасць і яснае абазначэнне вінаватага таго, што адбываецца, дапамагаюць Літве і дэмакратычным беларусам захоўваць агульны кірунак і дзейнічаць разам. З ягоных слоў, важна не дапускаць, каб Мінск выкарыстаў рознагалоссі ў сваіх інтарэсах і спрабаваў аслабіць гэтае адзінства.
Урад рыхтуе асаблівы рэжым, дэпутаты — план рэакцыі на дзеянні Беларусі
На фоне працягу наплыву кантрабандных паветраных шароў, якія парушаюць працу Віленскага аэрапорта, урад Літвы плануе абвясціць надзвычайную сітуацыю з-за пагрозы грамадскай бяспекі. Увядзенне надзвычайнай сітуацыі не азначае ваеннага становішча або каменданцкай гадзіны. Гэты рэжым узмацняе працу службаў, дае дадатковыя паўнамоцтвы ведамствам і дазваляе хутчэй уводзіць новыя меры.
Дэпутат Лаўрынас Кашчунас мяркуе, што ў дачыненні да Мінска трэба ўжываць і «пугу», і «пернік», а ў развязанні крызісу варта выкарыстоўваць падтрымку ЗША. Ён прапанаваў распрацаваць асобны пакет мер у адказ — так званы план «Прывет Лукашэнку», калі ў паводзінах Мінска не адбудзецца зменаў. Падрабязнасцяў гэтага плана палітык не раскрыў.