БЕЛ Ł РУС

Трамп заявіў, што Расія пагадзілася на ягоны мірны план, а Зяленскі нават не чытаў яго

8.12.2025 / 8:9

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША заявіў, што «крыху расчараваны» прэзідэнтам Украіны.

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп падчас сустрэчы ў Белым доме 17 кастрычніка 2025 года. Фота: Win McNamee / Getty Images

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што Расія нібыта пагадзілася на «мірны план», у той час як прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нават не азнаёміўся з ім. Пра гэта ён заявіў падчас размовы з прэсай на мерапрыемстве Цэнтра выканаўчых мастацтваў імя Джона Ф. Кенэдзі ў Вашынгтоне ўвечары 7 снежня (трансляцыя Белага дома), піша «Украінская праўда».

Адказваючы на пытанне журналіста пра тое, які будзе наступны крок у мірных перамовах Украіны і Расіі, Трамп адзначыў, што «крыху расчараваны» Зяленскім.

«Мы размаўлялі з прэзідэнтам Пуціным і з украінскімі лідарамі, у тым ліку з прэзідэнтам Зяленскім. І мушу сказаць, што я крыху расчараваны тым, што прэзідэнт Зяленскі яшчэ не прачытаў прапановы. Гэта было некалькі гадзін таму. Яго людзі яе ўхвалілі, але ён — не.

Расія з гэтым згодная. Расія, думаю, хацела б атрымаць усю краіну, калі так падумаць. Але Расія, як я мяркую, згодная з гэтым (з мірным планам). Але я не ўпэўнены, што Зяленскі з гэтым згодны. Ягоная каманда гэта падтрымлівае, а ён гэтага не прачытаў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула