Электробусы пачнуць хадзіць у наступным годзе прыгараднымі маршрутамі
Першым будзе выпрабаваны маршрут у Смалявічы.
Скрыншот відэа СТБ
У 2026 годзе на прыгарадныя маршруты ў Беларусі выйдуць першыя электробусы, расказалі ў эфіры тэлеканала СТБ.
Электробусы з запасам ходу 100 км цяпер праходзяць выпрабаванні. Такі транспарт будзе курсаваць паміж Мінскам і гарадамі-спадарожнікамі. Але першымі яго выпрабуюць работнікі Астравецкай АЭС.
Паводле слоў Алега Быцько, намесніка генеральнага дырэктара ў інавацыйным развіцці холдынгу «Белкамунмаш», у наступным годзе плануюць мадэрнізаваць гэты электробус, пашырыўшы яго аўтаномны ход да 250 км, а таксама забяспечыўшы магчымасць экспрэс-сілкавання. Ён падкрэсліў, што кіраўніком дзяржавы пастаўленая задача забяспечыць менавіта прыгарадныя перавозкі электратранспартам.
Нагадаем, на нарадзе ў сярэдзіне лістапада Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне развіваецца электратранспарт, прычым не толькі ў буйных гарадах. У тым ліку пілотныя праекты для пераводу грамадскага транспарту на электрычны ўкараняюцца ў Шклове, Жодзіне і Наваполацку. На ягоную думку, на некаторых кірунках маршруткі можна замяніць аўтобусамі, прычым не толькі на рухавіках унутранага згарання, але і электробусамі.
Прадстаўнік «Белкамунмаша» анансаваў, што ў наступным годзе такі электробус абавязкова ўжо будзе перавозіць пасажыраў паміж Мінскам і Смалявічамі. А далей, з ягоных слоў, і астатнія гарады-спадарожнікі будуць абсталёўвацца менавіта такім транспартам.
Новыя электробусы спраектаваныя з улікам умоў прыгарада. Гэта тычыцца сядзенняў падвышанай камфортнасці, рамянёў бяспекі і асаблівых патрабаванняў да трываласці кузава. Паколькі распрацоўка для беларускага прадпрыемства — досвед новы, з разлікамі і нюансамі канструктарам дапамагалі навукоўцы.