Магілёвец забіў сваю сужыцельку, яму далі 16 гадоў калоніі
Абвінавачаны спрабаваў пераканаць суд змякчыць віну, але яму не ўдалося пазбегнуць строгай кары, перадае Следчы камітэт.
Трагедыя адбылася ў красавіку ў Магілёве. Нецвярозы 35‑гадовы мужчына пачаў канфліктаваць са сваёй 28‑гадовай сужыцелькай, а потым стаў збіваць жанчыну, наносячы ўдары па розных частках цела. Жанчына ад траўмаў памерла.
«Першапачатковыя паказанні мужчыны кардынальна разыходзіліся з доказамі. Ён сцвярджаў следчым, што падчас сваркі тым красавіцкім вечарам даў сужыцельцы толькі дзве аплявухі. Аднак агляд месца здарэння, узятыя рэчавыя доказы, а таксама заключэнне судова-медыцынскай экспертызы распавялі іншую, значна больш страшную гісторыю.
Эксперты зафіксавалі на целе загінулай не менш за 10 траўматычных пашкоджанняў, якія прывялі да ўтварэння спалучанай траўмы галавы, грудной клеткі і жывата. Смерць жанчыны наступіла ад траўматычнага шоку», — піша СК.
Следчыя высветлілі, што мужчына і раней выказваў агрэсію ў дачыненні да дзяўчыны. У сакавіку, праз два месяцы пасля пачатку сумеснага пражывання, ён у гневе разарваў яе пашпарт. Абвінавачаны злоўжываў спіртным, двойчы быў жанаты. Паводле слоў былых жонак, ён праяўляў гвалт, і гэта ўрэшце прывяло да разводу.
У выніку суд вынес прысуд: мужчына прызнаны вінаватым у знішчэнні асабістых дакументаў і забойстве з асаблівай жорсткасцю. Пакаранне — 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.