БЕЛ Ł РУС

Спявачка Каця Волкава расказала, як яе ўгаворвалі выступіць на канцэрце да выбараў-2020 і чаму яна з'ехала

8.12.2025 / 17:39

Ідаля Салавей

Беларуская спявачка Каця Волкава падзялілася шчырай гісторыяй пра тое, як абрынулася яе кар'ера ў Беларусі яшчэ да пачатку пратэстаў 2020 года, спробы ўлады падкупіць артыстаў перад выбарамі і момант прыніжэння, які прымусіў яе пакінуць краіну.

Каця Волкава. Фота: інстаграм спявачкі

Каця Волкава — беларуская спявачка і аўтарка песень, якая апошнія гады будуе новае жыццё ў Германіі. Раней яна ўдзельнічала ў кастынгу шоу «Хачу ў ВІА Гру», пасля будавала сольную кар'еру. У 2020‑м яе затрымалі на жаночым маршы і далі 12 сутак.

На сваім ютуб-канале спявачка падрабязна распавяла пра тое, што вымусіла яе пакінуць радзіму. Нагодай для шчырай споведзі стала рэзанансная гісторыя калегі па цэху Аляксея Хлястова, які пасля пападання ў «чорныя спісы» пайшоў працаваць у таксі.

Па словах Волкавай, праблемы з кар'ерай у яе пачаліся за год да выбараў, калі грымнула пандэмія. У той час як улады сцвярджалі, што «каранавіруса не існуе», у артыстаў масава адмяняліся выступленні.

«У мяне адмянілі ўсе выступленні, усе канцэрты. Я яшчэ тады працавала ў ролі вядучай. І ў мяне адмянілі проста ўсе карпаратывы, усё, што ў мяне было, а ў мяне яшчэ вісеў крэдыт», — успамінае спявачка.

У той жа час змяніўся механізм выплаты аўтарскіх адлічэнняў за ратацыю песень на радыёстанцыях — раней яны кожны месяц прыносілі спявачцы «плюс-мінус добры заробак сярэднестатыстычнага беларуса». Але ў адзін момант гэты даход «проста скараціўся ў 10 разоў»:

«Я прыехала ў гэтую арганізацыю па аўтарскім праве і кажу: «А мяне што, сталі менш круціць па радыёстанцыях? Чаму мінус нуль?». (…) І яны мне кажуць: «Вас не сталі менш круціць». Проста ўвялі нейкі падатак на падатак, (…) і вось гэтая стаўка, якую раней за адно пракручванне атрымлівалі — ну, умоўна, 10 даляраў (…) цяпер стала 1 даляр», — распавядае Волкава.

У выніку, сцвярджае Волкава, аўтарскія адлічэнні «сышлі проста на нішто». А канцэртная праца ўжо і так была знішчаная пандэміяй.

Прапанова выступіць на канцэрце да выбараў

Летам 2020‑га за тыдзень да выбараў, калі спявачка сядзела без грошай, ёй патэлефанавалі з прапановай выступіць на канцэртах па ўсёй краіне. Гэта павінны былі быць канцэрты ў «дні цішыні», калі агітацыя забаронена. Ганарар паабяцалі ў тры разы вышэйшы за звычайны.

«Я проста была настолькі галодная да канцэртаў і грошай, што я разумела мазгамі, што гэта звязана з палітыкай, але я 10 разоў задала пытанне: гэта сапраўды не звязана з палітыкай?», — расказвае яна.

Аднак у далейшай размове, як згадвае спявачка, высветлілася, што не ўсе так проста:

«Наступнае пытанне такое: «Ну, ты ж гэта, нічога там не посціш апазіцыйнага?». А я на той момант ужо канкрэтна выказвала сваю пазіцыю. Я кажу: «Пошчу». І мне кажуць: «Давай так. Ты зараз выдаліш усё, што ў цябе ёсць у сацыяльных сетках апазіцыйнага, і не выходзіш 9 жніўня пасля галасавання на пратэст». Мне як бы за тыдзень сказалі, хто пераможа на галасаванні, што будуць пратэсты і што выходзіць на гэтыя пратэсты нельга».

Больш за тое, па словах Волкавай, яе папярэдзілі: калі яе заўважаць на пратэстах ці ўбачаць «апазіцыйную сімволіку» ў яе сацсетках, грошай за выступленне яна не атрымае.

«Паглядзела галоднымі вачыма на гэты кавалак кінутага мяса і сказала: дзякуй, але нічога выдаляць з сваіх сацыяльных сетак я не буду», — згадвае спявачка.

«Мяне праводзілі праз пашпарт чужой спявачкі»

Пасля ўдзелу ў пратэстах і сутак спявачка трапіла ў чорныя спісы. Волкава прызнаецца, што надышлі «галодныя часы». Яна тэлефанавала ўсім знаёмым, просячы хоць нейкую працу. Некаторыя арганізатары рызыкавалі, каб дапамагчы ёй.

«Было некалькі канцэртаў, калі дзяржаўныя арганізацыі, у якіх працавалі нармальныя адэкватныя людзі, мне далі працу і праводзілі мяне праз пашпарт чужой спявачкі», — дзеліцца Волкава і згадвае, што ўжо ў той час ёй тэлефанавалі са Следчага камітэта і выклікалі туды.

«Я сказала: «Дасылайце позву». Але позву мне не даслалі. Але страшна было да жаху. Я тады страціла спакой, сон, піла жорсткія антыдэпрэсанты», — згадвае спявачка.

Як тлумачыць Волкава, у той час яна канчатковы вырашыла з'ехаць з краіны. Але для гэтага патрэбны былі грошы. Яна пачала шукаць працу па ўсіх знаёмых.

«Некаторыя людзі мяне бралі выступаць у свае калектывы. Гэта значыць нідзе не было на афішах Каці Волкавай. Я проста была ў тых жа касцюмах, што і ўдзельнікі калектыву, і нідзе ўвогуле не афішыравалася. І я, магчыма, выступала ў нечым горадзе, і вы нават не ведаеце, што я там выступала. Мне ўжо было пофігу, за якія грошы выступаць, мне ўжо было пофігу, што спяваць, якія песні. Мне важна было сабраць суму для таго, каб хутчэй з'ехаць», — эмацыйна расказвае спявачка.

«Людзі будуць есці, а мы будзем спяваць у сталоўцы?»

Адным з самых прыніжальных момантаў для спявачкі стала прапанова знаёмага праехаць з выступамі па санаторыях.

«Я паехала. І ўсё было б нічога, да таго моманту, калі ён сказаў: «А зараз нам трэба пайсці і спяваць у сталоўцы па адной песні для рэкламы, каб людзі пайшлі на гэты канцэрт». Я кажу: «У сэнсе? Людзі прыйшлі з пляжу, яны будуць есці, а мы будзем спяваць у сталоўцы?» — згадвае Волкава.

Аднак самае галоўнае прыніжэнне адбылося на самім канцэрце, на які прыйшло ўсяго 10 чалавек. Прычына такой нізкай яўкі была тэмпература ў +35 градусаў у памяшканні без кандыцыянера:

«Мы спявалі, у нас сцякаў пот, людзі сядзелі абцякалі потам. (…) Тую суму, якую я атрымала — ну з улікам таго, што мы патрацілі грошы на бензін, з намі быў яшчэ гукарэжысёр, і не я адна там выступала… Я не памятаю, колькі там, можа, 5 даляраў быў выхлап».

Пасля гэтага спявачка купіла квіток у Кіеў і з'ехала (гэта было яшчэ да лютага 2022 года).

Чытайце таксама:

Аляксей Хлястоў, які пайшоў у таксісты, стаў героем інтэрнэту. Беларусы запусцілі флэшмоб, каб падтрымаць спевака з чорнага спісу

Стрым таксіста Аляксея Хлястова глядзелі больш за 20 тысяч чалавек

Чым жыве оперны спявак Сільчукоў, якога ў 2020‑м звольнілі з Вялікага тэатра за пазіцыю

Каментары да артыкула