БЕЛ Ł РУС

У Егіпце знайшлі антычнае судна, якое раней бачылі толькі на мазаіках

8.12.2025 / 17:50

Nashaniva.com

Побач з узбярэжжам каля Александрыі ў Егіпце знайшлі 35‑метровы старажытны прагулачны карабель. Ён адпавядае апісанню грэцкага гісторыка Страбона, які жыў у пачатку I стагоддзя н. э. Гэта першае такое знойдзенае судна, паведамляе The Guardian.

Фота: Christoph Gerigk, Franck Goddio / Hilti Foundation

Раскопкі праводзіў Еўрапейскі інстытут падводнай археалогіі (IEASM) пад кіраўніцтвам прафесара марской археалогіі Оксфардскага ўніверсітэта Франка Годзіа. Карабель знойдзены каля затопленага вострава Антыродас, які раней быў часткай Вялікага порта Аляксандрыі (Portus Magnus), на глыбіні 7 метраў пад пластом асадку таўшчынёй 1,5 метра.

Карта руін Portus Magnus, накладзеная на спадарожнікавы здымак. Фота: Franck Goddio, IEASM

Першапачаткова Годзіа меркаваў, што гэта два караблі, бо канструкцыя была незвычайная: насавая частка плоская, а кармавая — круглая, што дазваляе плаванне толькі на мелкаводдзі.

3D-выява судна. Фота: Christoph Gerigk, Franck Goddio / Hilti Foundation

Судна датуецца першай паловай I стагоддзя, мае даўжыню 35 метраў і спецыяльны цэнтральны павільён з раскошнай каютай. Шырыня бэлек каля 7 метраў, на борце ёсць надпісы на грэцкай мове. Для веславання магло спатрэбіцца больш за 20 чалавек.

Такія караблі раней сустракаліся толькі ў апісаннях старажытных аўтараў і на мазаіках, напрыклад, у Палесціне, але сапраўднае судна раней не знаходзілі. Страбон апісваў, што падобныя караблі выкарыстоўваліся каралеўскім дваром для экскурсій і забавы людзей на каналах Аляксандрыі, з музыкай і танцамі.

Карабель знойдзены менш чым за 50 метраў ад месца храма багіні Ісіды, раскопкі якога таксама вядзе Годзіа. Ён, магчыма, затануў падчас катастрофічнага разбурэння храма каля 50 года н. э., калі землятрусы і цунамі затапілі порт і частку ўзбярэжжа. Іншая версія — судна магло быць святой баржай, якая ўдзельнічала ў марской цырымоніі ў гонар Ісіды.

Па словах Годзіа, карабель застанецца на марскім дне і надалей.

Чытайце таксама:

Ліст з «Тытаніка» прадалі на аўкцыёне за 350 тысяч еўра

У Шатландыі школьнік знайшоў на пляжы абломкі карабля XVIII стагоддзя

У Іспаніі знайшлі абломкі буйнога карабля часоў Сярэднявечча

На дне Балтыйскага мора знайшлі тры патанулыя караблі XVIII стагоддзя

Каментары да артыкула