БЕЛ Ł РУС

Расійская неанацыстка, якая адсядзела 16 гадоў за забойства адваката і журналісткі: Ён напрошваўся сваімі поглядамі на чачэнскую кампанію

8.12.2025 / 23:9

Nashaniva.com

Яўгенія Хасіс, асуджаная за саўдзел у забойстве ў 2009 годзе адваката Станіслава Маркелава і журналісткі Анастасіі Бабуравай, дала першае інтэрв'ю пасля вызвалення, у якім расказала, чым яе расчараваў падзельнік і былы жаніх Мікіта Ціханаў, прысуджаны да пажыццёвага зняволення, піша The Insider.

Яўгенія Хасіс. Скрыншот з відэа

19 студзеня 2009 года ў цэнтры Масквы былі застрэленыя адвакат Станіслаў Маркелаў і журналістка «Новай газеты» Анастасія Бабурава. У лістападзе таго ж года па абвінавачванні ў іх забойстве былі арыштаваныя Мікіта Ціханаў і Яўгенія Хасіс.

Ціханаў і Хасіс уваходзілі ў Баявую арганізацыю рускіх нацыяналістаў (БОРН) — групоўку, якая ўчыніла серыю забойстваў па матывах палітычнай і расавай нянавісці. Гэтая арганізацыя лічылася сілавым крылом неанацысцкай арганізацыі «Рускі вобраз», заснаванай Мікітам Ціханавым і Іллёй Гарачавым.

У маі 2011 года Масгарсуд прысудзіў Ціханава да пажыццёвага зняволення, Хасіс — да 18 гадоў калоніі. У 2022 годзе Вярхоўны суд скараціў яе тэрмін да 17 гадоў, выключыўшы абвінавачванне ў захоўванні зброі з-за заканчэння тэрміну даўніны. З Хасіс было таксама знятае абвінавачванне ў саўдзеле ў забойстве Бабуравай — следства палічыла гібель журналісткі «эксцэсам выканаўцы». Па версіі следства, Ціханаў страляў у ахвяр, а Хасіс перадала яму па рацыі сігнал аб з'яўленні Маркелава і кірунку ягонага руху. 

28 лістапада 2025 года Хасіс выйшла на волю. У першым пасля вызвалення інтэрв'ю, якое яна дала Ксеніі Сабчак, Хасіс упершыню прызнала сваю віну ў забойстве Маркелава ў 2009 годзе, хоць і адзначыла, што, паводле прысуду суда, не вінаватая ў гібелі Бабуравай. На судзе ў 2011 годзе жанчына цалкам адмаўляла сваё дачыненне да злачынства.

Цяпер Яўгенія Хасіс расказала пра падзеі 19 студзеня 2009 года, калі былі застрэленыя Бабурава і Маркелаў. З яе слоў, напярэдадні вечарам яна не ведала пра аперацыю, якая мела адбыцца — яе грамадзянскі муж Мікіта Ціханаў папрасіў суправаджаць яго, таму што не змог звязацца з іншым саўдзельнікам. Задачай Хасіс было паведаміць па рацыі кірунак руху Маркелава пасля выхаду з прэс-канферэнцыі.

Прызнаўшы саўдзел у злачынстве, Хасіс пацвердзіла, што разумела магчымасць забойства, але не ўсведамляла да канца, што яно адбудзецца менавіта ў той момант. Яна расказала, што бачыла Бабураву, якая выходзіла разам з Маркелавым, але не паведаміла пра гэта Ціханаву — выканала толькі прамую інструкцыю аб паведамленні кірунку руху адваката.

Акрамя таго:

Чытайце таксама:

У Маскве забіты вядомы адвакат Станіслаў Маркелаў

Лідара «Баявой арганізацыі рускіх нацыяналістаў» асудзілі на пажыццёвае

Расійскіх нацыяналістаў асудзілі на пажыццёвае зняволенне

Каментары да артыкула