БЕЛ Ł РУС

Фрыдрых Мерц сотні разоў звяртаўся ў паліцыю праз абразы ў інтэрнэце

9.12.2025 / 12:44

Nashaniva.com

Калегі па партыі канцлера адзначалі, што вобшукі праз простыя абразы — напрыклад, калі нехта назваў Мерца «брудным п’яным дурнем» — успрымаюцца як непрапарцыйныя.

Фота: Markus Schreiber / AP

З 2021 года канцлер Германіі Фрыдрых Мерц шмат разоў дамагаўся юрыдычнага пераследу за абразы і, верагодна, падаў сотні заяваў аб завядзенні крымінальных спраў. У асноўным гэта тычылася абраз у сацыяльных сетках, паведамляецца ў расследаванні газеты Welt am Sonntag, піша Bild.

Дэпутацкі офіс канцлера пацвердзіў, што Мерц у мінулым складзе парламента, калі яшчэ не быў канцлерам, сапраўды падаваў такія заявы, але ўсе штрафы і кампенсацыі былі цалкам пералічаныя на дабрачыннасць.

Унутры блока ХДС/ХСС гэтыя меры выклікалі спрэчкі. Калегі па партыі канцлера адзначалі, што вобшукі з-за простых абраз — напрыклад, калі нехта назваў Мерца «брудным п’яным дурнем» — успрымаюцца як непрапарцыйныя. Пазней суд прызнаў вобшук паводле гэтай справы незаконным.

Юрысты таксама выказалі сумненне. Адвакаты, якія прадстаўлялі абвінавачаных, часткова крытыкавалі «занадта рэзкую рэакцыю» праваахоўных органаў: у некалькіх выпадках праводзіліся вобшукі ў дамах або канфіскоўваліся мабільныя тэлефоны, хоць абвінавачаныя ўжо прызналі свае выказванні.

Пры гэтым, паводле слоў аднаго з адвакатаў, толькі нямногія расследаванні былі даведзеныя да пакарання.

Некалькі расследаванняў былі распачатыя не з ініцыятывы Мерца, а пасля паведамленняў ад старонніх структур — часткова на падставе закону, які дазваляе пераследаваць абразы ў адрас публічных палітычных дзеячаў і без іх заяваў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула