У мінскім квартале Depo ў адным з дамоў самая маленькая кватэра будзе плошчай 93 метры
У мінскім квартале Depo адкрылі ранні доступ да часткі кватэр у новым доме групы Nobili. Дом абяцаюць здаць у пачатку 2028 года.
А-100 Дэвелопмент
Яго асаблівасць — кватэры з павялічанымі плошчамі. Так, мінімальная плошча кватэры ў доме Nobili 4 складае 93,12 кв. м. Усяго ў доме 21 кватэра. Цэны тых з іх, што знаходзяцца ў доступе, пачынаюцца з $3951 за квадратны метр, піша Office Life.
Nobili 4 стане апошнім у серыі дамоў з закругленым фасадам і радыуснымі вітражнымі вокнамі. Дзякуючы таму, што ў доме няма маленькіх кватэр, даступныя планіроўкі ўключаюць паўнавартасныя 2—4 спальні і прасторную кухню-гасцёўню. А на шостым паверсе размясціліся два двухузроўневыя пентхаусы плошчай 220 кв. м з вышынёй столяў да 3,35 метра, а таксама вітражом у зоне гасцінай-кухні.
Забудоўшчык «А-100 Дэвелопмент» плануе завяршыць праект Depo да 2029 года. У гэтым годзе на працягу некалькіх месяцаў у гэтым квартале прадаваліся самыя дарагія кватэры ў Мінску.