БЕЛ Ł РУС

Неглюбскія ручнікі ўнесеныя ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА

9.12.2025 / 16:00

Nashaniva.com

У аўторак Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўключыў элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці» ў Спіс ЮНЕСКА, паведамляе МЗС.

Фота: МЗС

Рашэнне было прынятае падчас 20‑й сесіі ў Нью-Дэлі.

Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна — унікальная з’ява беларускай народнай культуры, якая захавала архаічныя рысы і складаныя сімвалы.

«Традыцыя сфармавалася ў XVII стагоддзі і ахоплівае стварэнне ручнікоў, прадметаў адзення і інтэр’еру з выкарыстаннем самабытных тэхнік ткацтва і вышыўкі.

Асаблівую вядомасць набылі неглюбскія ручнікі, якія адрозніваюцца складанай паліхромнай гамай (да 25 адценняў) і багатай арнаментальнай спадчынай, што налічвае больш як 120 узораў. Геаметрычныя і раслінныя арнаменты («крывулі», «павукі», «яблынька») нясуць у сабе зашыфраваныя пажаданні дабра, кахання, дабрабыту і здароўя. А ўнікальнасць тэхнікі, пры якой ткацтва вядзецца з выварату, забяспечвае непаўторнасць кожнага вырабу», — гаворыцца ў паведамленні МЗС. 

Раней неглюбскія ручнікі ўжо былі прызнаныя аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Цяпер спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА налічваюць сем беларускіх элементаў.

Раней у іх былі ўключаны: святочны калядны абрад «Калядныя цары» ў вёсцы Семежава (2009 год), «Урачыстасць у гонар ушанавання Абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)» у вёсцы Будслаў (2018 год), «Юр’еўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна (2019 год), культура бортніцтва (2020 год), саломапляценне (2022 год), «Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі» (2024 год).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула