БЕЛ Ł РУС

У Кіеве знайшлі мёртвым сына першага касманаўта незалежнай Украіны

10.12.2025 / 11:8

Nashaniva.com

У руцэ быў нож, а на целе шматлікія парэзы.

Калаж УНІАН

У Кіеве знайшлі мёртвым з прыкметамі гвалтоўнай смерці сына першага касманаўта незалежнай Украіны Леаніда Каданюка — Дзмітрыя. Пра гэта паведамляюць крыніцы ВВС News Украіна ў паліцыі.

Там кажуць, што неўзабаве афіцыйна паведамяць падрабязнасці сітуацыі.

Як паведамляюць крыніцы РБК-Украіна, 41‑гадовага Дзмітрыя Каданюка сёння раніцай выявіла ягоная маці, Вера Каданюк. Гэта адбылося ў кватэры на плошчы Лесі Украінкі ў Кіеве.

Паводле знаёмых сям’і, цела ляжала каля ўваходных дзвярэй. На ім былі шматлікія раны, у руцэ — нож. Перадсмяротнай запіскі не знайшлі, а характар пашкоджанняў можа сведчыць пра магчымую барацьбу.

Паліцыя адкрыла крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 115 ККУ — наўмыснае забойства. Абставіны трагедыі высвятляюцца.

Пра Дзмітрыя вядома, што ён з адзнакай скончыў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі і быў вядучым спецыялістам дзяржаўнага касмічнага агенцтва Украіны. Ён быў адзіным дзіцем касманаўта.

Жонка Леаніда Каданюка, Вера, была выкладчыцай англійскай мовы найвышэйшай катэгорыі. Першы касманаўт незалежнай Украіны Леанід Каданюк памёр 31 студзеня 2018 года ва ўзросце 67 гадоў. У 1995 годзе Каданюка адабралі ў групу касманаўтаў Нацыянальнага касмічнага агенцтва Украіны.

З 19 лістапада да 5 снежня 1997 года ён здзейсніў касмічны палёт на амерыканскім караблі Columbia місіі STS-87.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула