«Віншуем цяперашніх герояў-абаронцаў»: беларускі комік Андрэй Скараход павіншаваў расійскіх вайскоўцаў
У 2020 годзе Андрэй Скараход жартаваў з Лукашэнкі і прапаноўваў Маргарыце Ляўчук здымаць смешныя відэа разам. Цяпер жа, імаверна, хвалюецца за цёплае месца на ТНТ, а Маргарыту забаніў за нязручны каментар.
Андрэй Скараход. Скрыншот відэа ТНТ
Беларускі комік Андрэй Скараход, які цяпер працуе на расійскім тэлеканале ТНТ, у інстаграме павіншаваў падпісчыкаў з Днём герояў Расіі.
«У гэты дзень ушаноўваюць Герояў Савецкага Саюза, Герояў Расійскай Федэрацыі і кавалераў ордэна Святога Георгія і ордэна Славы. Героямі не нараджаюцца, героямі становяцца ў час выпрабаванняў. У кожнай эпосе былі свае героі — людзі, якія мужна абаранялі сваю Айчыну! Сёння віншуем цяперашніх герояў-абаронцаў, а таксама ўшаноўваем герояў, якія аддалі жыццё ў мінулым за ўсіх нас!» — з пафасам напісаў ён.
Гэты допіс вельмі абурыў беларускую спявачку Маргарыту Ляўчук, якая гуляла з маленькім сынам па парку Харкава — дзе не было святла праз абстрэлы Расіі.
У эмацыйным сторыс Маргарыта расказала, што асабіста пазнаёмілася з Андрэем Скараходам у 2022 годзе ў Кіеве — яшчэ да пачатку вайны.
— А што здарылася, Андруша? Ты ж у 2020 годзе быў за Беларусь, пра Лукашэнку здымаў усякія прыкольчыкі, мне прапаноўваў з табой здымацца. А што цяпер з табой? Паветра атручана ў Расіі?
Маргарыта пакінула Андрэю каментар пад тым допісам: «Слава Украіне і Жыве Беларусь!» — комік, не доўга думаючы, забаніў спявачку. Дый увогуле абмежаваў магчымасць каментаваць віншаванне. Але ж людзі прыйшлі ў каментары пад іншымі відэа гумарыста і пачалі там перадаваць прывітанні ад Маргарыты, а таксама дзяліцца сваімі думкамі наконт пазіцыі Андрэя.
Дарэчы, у 2022 годзе Андрэем Скараходам цікавіліся беларускія сілавікі. Тады праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што комік нібыта пакінуў абразлівы каментар пра «жанчыну-патрыётку, якая прыйшла падтрымаць сілавікоў у цяжкія часы». ГУБАЗіК намякаў ураджэнцу Старых Дарог на экстрадыцыю з Расіі ў Беларусь.
Чытайце таксама:
Беларускі комік перамог у польскім гумарыстычным тэлешоу
Жарты бразільца пра Беларусь разышліся па сацсетках. Ябацькі ўжо называюць яго бэчэбэшнікам
Беларусы, якія сталі зоркамі ў Расіі: што з імі стала за час поўнамаштабнай вайны?