Лаўроў заявіў, што Расія не думала нападаць на Украіну і не збіраецца атакаваць Еўропу
Расія перад пачаткам вайны не збіралася ўрывацца ва Украіну, разлічвала дамовіцца пра бяспеку з ЗША і НАТА, заявіў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў. Цяпер ён гатовы гарантаваць бяспеку Еўропе.
Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў. Фота: Alexander Nemenov / Pool Photo via AP
«У снежні 2021 года, за два месяцы да пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі, мы не падумвалі ні пра што, акрамя як пра мірнае ўрэгуляванне. Перадалі ЗША і Паўночнаатлантычнаму альянсу праекты дакументаў, якія былі нацэлены на тое, каб узгадніць гарантыі бяспекі на заходнім напрамку», — сказаў Лаўроў.
Лаўроў запэўніў, што на дадзены момант Расія таксама не выношвае ніякіх агрэсіўных планаў у дачыненні да членаў НАТА і краін Еўрасаюза, Масква гатовая юрыдычна зафіксаваць адпаведныя гарантыі.
«Гатовыя пісьмова, у юрыдычным дакуменце зафіксаваць адпаведныя гарантыі. Зразумела, на калектыўнай, узаемнай аснове», — сказаў Лаўроў.
Пры гэтым ён заявіў, што на дадзены момант у Еўропе пануе «мілітарысцкі чад» і, калі еўрапейскія краіны вырашаць ваяваць з Расіяй, то Масква да гэтага гатовая «хоць цяпер».
Таксама галоўны дыпламат РФ сказаў, што «Кіеў з цяперашнім «узроўнем свядомасці» наўрад ці гатовы да сур’ёзных перамоваў, «наяўнасць свядомасці» еўрапейскіх кіраўнікоў, дадаў Лаўроў, таксама выклікае ў яго сумневы.