БЕЛ Ł РУС

Карлас Алос: Звальненне са зборнай Беларусі — абсалютна нечаканае

12.12.2025 / 9:20

Nashaniva.com

Іспанскі трэнер расказаў пра абставіны звальнення са зборнай Беларусі па футболе.

Карлас Алос. Фота: football.by

— Сумна, бо, на мой погляд, мы маглі яшчэ нешта даць зборнай. Працавалі з камандай больш за два гады — недзе вынікі былі добрымі, недзе не вельмі. Нядрэнна правялі канцоўку адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы, потым да апошняга змагаліся за выхад у дывізіён B Лігі нацый. Так, не змаглі прабіцца на чэмпіянат свету, і таму, напэўна, было вырашана з намі развітацца, — цытуе словы спецыяліста football.by.

«Лічу, што наша работа не была завершана — у мяне быў кантракт на наступны год, і хацелася падрыхтаваць каманду да наступнай Лігі нацый [турнір павінен прайсці восенню 2026 года, наступны адборачны турнір да чэмпіянату Еўропы 2028 года пройдзе ў 2027 годзе —..]. Як бы там ні было, я прымаю рашэнне федэрацыі і стаўлюся да яго з павагай», — дадаў ён.

Карлас Алос адзначыў, што яго звальненне было абсалютна нечаканым.

«Першапачаткова я планаваў прыляцець у Беларусь трошкі пазней. Казаў кіраўніцтву: калі трэба, можам сустрэцца і абмеркаваць любыя пытанні, калі не — спакойна зоймемся падрыхтоўкай да наступнага года, будзем планаваць спарынгі, назіраць за кандыдатамі ў зборную. Потым мне патэлефанавалі, запрасілі прыехаць у Мінск на «Зорны мяч» [2 снежня]. Падчас гэтай цырымоніі ўсё было нармальна, мы крыху пакамунікавалі з [старшынёй федэрацыі футбола] Яўгенам Булойчыкам, ніякай новай інфармацыі не паступіла. Аднак за дзень да ад’езду дадому мне зноў патэлефанавалі і тэрмінова запрасілі ў федэрацыю. І ўжо там яе старшыня сказаў, што прынята рашэнне спыніць супрацоўніцтва», — расказаў трэнер.

Карлас Алос трэніраваў зборную Беларусі са жніўня 2023 года. Пад яго кіраўніцтвам нацыянальная дружына правяла 26 матчаў, у якіх атрымала 6 перамог, 10 разоў згуляла ўнічыю і пацярпела 10 паражэнняў.

У адборы да чэмпіянату Еўропы 2024 года Алос прыйшоў на сярэдзіне кваліфікацыі, пры ім каманда двойчы выйграла, згуляла тры нічыі, мела адну паразу і фінішавала чацвёртай у групе следам за зборнымі Румыніі, Швейцарыі і Ізраіля і апярэдзіўшы Косава і Андору.

У адборы да чэмпіянату свету 2026 у каманды было чатыры паразы: ад Грэцыі (1:5), Даніі (0:6) і Шатландыі (0:2, 1:2), а потым дзве нічыі з Даніяй (2:2) і Грэцыяй (0:0) і апошняе месца ў групе. Перад пачаткам адбору перад зборнай ставілася нерэальная задача заняць у групе другое месца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула