БЕЛ Ł РУС

Пад плотам на мяжы з Беларуссю знайшлі мігранцкі тунэль

12.12.2025 / 16:6

Nashaniva.com

Польскія памежнікі знайшлі тунэль пад плотам на беларуска-польскай мяжы і затрымалі больш за 130 мігрантаў, якія праз яго пралезлі. Пошукі іншых нелегалаў працягваюцца, бо сістэмы назірання зафіксавалі, што праз тунэль прайшло больш за 180 чалавек.

Фота: strazgraniczna.pl

Тунэль быў выкапаны ў раёне вёскі Нараўка ў Падляшскім ваяводстве (побач з вёскай Тушамля Свіслацкага раёна). Уваход у тунэль знаходзіўся ў лесе, прыкладна за 50 метраў ад мяжы з Польшчай, а выхад — на польскай тэрыторыі, за 10 метраў ад плота. Вышыня тунэля складала 1,5 метра.

Для пошукаў нелегалаў, якія ўцяклі, задзейнічалі вайскоўцаў і сабак.

Фота: strazgraniczna.pl

Сярод затрыманых асноўную частку складаюць грамадзяне Афганістана, Пакістана, а таксама людзі з Непала і Бангладэш. Таксама былі затрыманыя два кіроўцы — 69‑гадовы мясцовы жыхар і 49‑гадовы грамадзянін Літвы, якія павінны былі даставіць мігрантаў у іншыя краіны Еўропы.

Памежная служба паведаміла, што гэта ўжо чацвёрты тунэль, знойдзены ў 2025 годзе ў Падляшскім ваяводстве. Па даных Памежнай аховы Польшчы, з 28 лістапада па 10 снежня ўсяго было зафіксавана 5 спробаў незаконнай міграцыі з Беларусі. За першыя 9 дзён снежня мігрантаў каля мяжы не назіралі.

Паводле статыстыкі, з пачатку 2025 года польскія службы зафіксавалі прыкладна 29 тысяч спроб пранікнення нелегалаў з Беларусі, што падобна да лічбаў мінулага года.

Чытайце таксама:

Спыненая схема незаконнай легалізацыі мігрантаў

Другі дзень запар з Беларусі ў Еўрасаюз не спрабуе прабіцца ніводзін мігрант

Нуль парушэнняў: мігранты не спрабавалі нелегальна перайсці межы Літвы, Латвіі і Польшчы

Спробы нелегальнага пераходу мяжы з Польшчай у апошнія дні амаль спыніліся

Каментары да артыкула