БЕЛ Ł РУС

У Іране зноў арыштавалі мясцовую нобелеўскую лаўрэатку

12.12.2025 / 23:00

Nashaniva.com

У Іране зноў затрымалі праваабаронцу і лаўрэатку Нобелеўскай прэміі міру 2023 года Наргіз Махамадзі. Разам з ёй арыштавалі яшчэ некалькіх актывістаў, паведамляе CNN.

Наргіз Махамадзі. Фота: Reihane Taravati / AFP via Getty Images

Паводле даных яе фонда, Махамадзі «жорстка схапілі» ў Мешхадзе падчас мерапрыемства памяці юрыста і палітвязня Хасрава Алікардзі, якога нядаўна знайшлі мёртвым у яго офісе. Калегі нябожчыка сумняваюцца ў афіцыйнай версіі пра сардэчны прыступ і мяркуюць, што ён мог быць забіты.

Махамадзі ўжо неаднаразова трапляла за краты за сваю дзейнасць. З 2021 года яна адбывала пакаранне за ўдзел у кампаніях супраць смяротнага пакарання і абавязковага нашэння хіджаба. Ёй прысудзілі 31 год турмы.

Пры гэтым здароўе праваабаронцы было сур'ёзна падарвана: ёй паставілі стэнт у сэрца, у 2024 годзе выдалілі частку косткі нагі, і, верагодна, у яе быў рак. Праз аперацыю ўлады часова перапынілі яе зняволенне.

Апошні год Махамадзі працягвала актыўную працу — удзельнічала ў мерапрыемствах па правах чалавека і расказвала пра становішча ў Іране. Нядаўна яна апублікавала тэкст у часопісе Time, у якім адзначыла, што іранцы не могуць адчуваць сапраўднага міру, бо дзяржава ўмешваецца ва ўсе сферы іх асабістага жыцця.

Таксама раней паведамлялася, што ў Іране арыштавалі арганізатараў марафону за ўдзел у ім жанчын без хіджабаў.

Чытайце таксама:

У Іране Нобелеўскую лаўрэатку адпусцілі з турмы на 21 дзень. Палітзняволеная адбывае велізарны тэрмін

«Нават з турмы змагла падтрымаць пратэсты». Хто такая Наргіз Махамедзі, якую сёння ўзнагародзілі Нобелеўскай прэміяй міру

Будучыня Ірана: тры сцэнары пасля магчымага краху рэжыму мулаў

Каментары да артыкула