Коўл: Лукашэнка пагадзіўся спыніць запуск паветраных шароў у бок Літвы
Як паведаміў агенцтву Reuters спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў Беларусі Джон Коўл, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб спыніць палёты метэаралагічных шароў з тэрыторыі Беларусі ў Літву. Пра гэта Коул заявіў у Вільні пасля завяршэння перамоў з Лукашэнкам і вызвалення яго рэжымам 123 палітзняволеных.
Джон Коўл у Мінску. Фота: БелТА
Па словах Коўла, ён уражаны шчырасцю намераў Лукашэнкі ўрэгуляваць сітуацыю. Чыноўнік адзначыў, што Лукашэнка нібыта хоча нармальных адносінаў з суседзямі і запэўніў яго ў гатоўнасці да супрацоўніцтва.
«Нядаўна ён пагадзіўся зрабіць усё магчымае, каб спыніць запуск паветраных шароў», — сказаў Джон Коўл.
Коул таксама дадаў, што Літва робіць усё магчымае, каб змагацца з тымі, хто атрымлівае кантрабандныя тавары, і цяпер абодва бакі працуюць над вырашэннем праблемы.
Запусканыя з Беларусі паветраныя шары, якія выкарыстоўваюцца кантрабандыстамі для перапраўкі цыгарэт, за апошнія месяцы неаднаразова станавіліся прычынай часовага закрыцця віленскага аэрапорта — такія сітуацыі адбываліся ўжо амаль два дзясяткі разоў.
Літва абвінавачвае беларускія ўлады ў гібрыднай атацы, сцвярджаючы, што менавіта яны спрыяюць кантрабандзе. З-за гэтага ў краіне быў уведзены надзвычайны стан, а парламенту прапанавалі дазволіць прыцягненне вайскоўцаў для дапамогі паліцыі і памежнікам.
Чытайце таксама:
Джон Коўл спрагназаваў, што і яшчэ тысячу палітзняволеных дэпартуюць
Джон Коўл пракаментаваў вызваленне палітвязняў