БЕЛ Ł РУС

Калеснікава расказала, што было, калі яна парвала пашпарт на мяжы

14.12.2025 / 19:40

Nashaniva.com

«Я не бачыла выразы твараў, яны былі ў масках. Але яны не адразу зразумелі, чаму, напэўна, гэта не працуе».

Фота: LookByMedia

Марыя Калеснікава ў інтэрв'ю DW Беларусь згадала, як у верасні 2020 года, калі яе спрабавалі сілком вывезці з Беларусі ва Украіну, парвала пашпарт.

Яна расказала, як паказвала сілавікам парваны пашпарт.

«Я ім казала, што вы ж бачыце, пашпарт парваны, я зараз не магу пакінуць тэрыторыю Беларусі. Таму што з парваным пашпартам мяне нідзе не могуць прыняць.

Я не бачыла іх выразаў твараў, яны былі ў масках. Але яны не адразу зразумелі, чаму, напэўна, гэта не працуе. Я яшчэ выскоквала з машыны…

У нейкі момант яны зразумелі, што я сапраўды ўсё ж такі не проста намагаю на тым, што я хачу застацца ў сваёй краіне».

Калеснікава кажа, што на працягу цэлага дня пераконвала сілавікоў, што не хоча з'язджаць.

«І ў той момант, калі гэта не атрымалася, давялося парваць пашпарт. І яны таксама не адразу зразумелі, што гэта яшчэ не канец. У выніку я зноў апынулася ў мікрааўтобусе, ну і далей вы ўжо ведаеце».

Свае эмоцыі ў той дзень яна апісвае як «вельмі дзіўныя».

«Не кожны дзень рвеш пашпарт і выскокваеш з машыны, я вам хачу сказаць. Прычым некалькі разоў. Эмоцыі… Ну гэта як усё як у фільме было. Я дагэтуль нават не веру, напэўна, што можа быць я сама гэта зрабіла, але я гэта зрабіла», — расказала Калеснікава.

Нагадаем, Калеснікаву затрымалі 7 верасня 2020 года. У гэты ж дзень затрымалі Івана Краўцова і Антона Раднянкова. Апошніх на мікрааўтобусах павезлі на мяжу Беларусі і Украіны, а на нейтральнай тэрыторыі перасадзілі ў машыну Краўцова. Туды ж пасля пасадзілі сілком Калеснікаву. Калі яна пабачыла свой пашпарт, то парвала яго на дробныя кавалачкі і выкінула ў акно. Пасля гэтага Калеснікава вылезла з аўто праз акно.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула