Бабарыка расказаў пра «круглы стол» у СІЗА КДБ і свой ход думак у 2020-м
«Я думаю, што для нас сустрэча ў СІЗА была бескарыснай, за выключэннем лазні, у якую нас звадзілі памыцца».
Скрыншот відэа з ютуб-канал Мартынавай
Віктар Бабрыка ў інтэрв'ю блогерцы Таццяне Мартынавай згадаў «круглы стол» з Лукашэнкам у СІЗА КДБ 11 кастрычніка 2020 года.
«Я не вельмі разумею рэчы, калі цябе будзяць, нічога не тлумачаць, прыводзяць і кажуць: «Цяпер нешта скажы». (…) Я не надта разумею, навошта гэта было».
«Я мяркую, што для нас яна была бескарыснай, за выключэннем лазні, у якую нас звадзілі памыцца… Вось гэта адзіная карысць. Але не мы гэтую сустрэчу арганізоўвалі, — адзначыў Бабарыка.
— Я ўдзячны за тое, што я ўбачыў там свайго сына, сваіх сяброў, усіх, каго я там не бачыў. Нам удалося пагаварыць, у нас адбыліся дзве сустрэчы. Усё гэта супер. Усё астатняе — гэта было не для нас».
Бабарыка паразважаў і наконт іншых пытанняў. Ён паўтарыў сваю думку пра тое, што беларусы ў 2020‑м не прайгралі. «Мы выйгралі. Нам проста не далі медалі».
Бабарыка таксама растлумачыў, што калі ішоў у прэзідэнты ў 2020-м, то адным з яго пасылаў было тое, што на працягу папярэдніх кампаній садзілі пасля выбараў, а не да.
«То-бок і садзілі пераможаных, і зусім крыху. Гэта былі падзатыльнікі пераможцы».
«І звычайных людзей не садзілі, у прынцыпе?» — удакладніла Мартынава.
«Абсалютна слушна», — адказаў Бабарыка.
Былы банкір і палітвязень таксама выказаўся пра тысячы беларусаў, якія пасля 2020 года з'ехалі з краіны. Ён адзначыў, што для краіны, з якой з'язджаюць, гэта нашмат большая праблема, чым для саміх людзей, якія з'ехалі.
«Беларусь павінна плакаць па тых, хто з'язджае з краіны. А тыя, хто з'язджае з краіны — павінны плакаць, але яны павінны разумець, што напраўду… Яны прайграюць, безумоўна, яны пазбаўляюцца шмат чаго — але значна большы пройгрыш той краіны, з якой яны з'язджаюць».
Ён дадаў, што дзеці тых, хто цяпер з'ехаў, «будуць жыць значна лепш, чым тыя, хто застаўся і пагадзіўся».