Еўропа выклала план гарантый бяспекі для Украіны з шасці пунктаў
Еўрапейскія лідары выпусцілі супольную заяву, у якой аб'явілі пра сумесную з ЗША падтрымку і забеспячэнне гарантый бяспекі для Украіны.
Удзельнікі сустрэчы ў Берліне, якая прайшла 14‑15 снежня. Злева направа ў першым радзе: прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, спецпрадстаўнік Дональда Трампа Стыў Уіткаф, зяць Дональда Трампа Джарэд Кушнер, прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні; у другім шэрагу: генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ, прэм’ер-міністарка Даніі Метэ Фрэдэрыксэн, прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, прэм'ер-міністр Нідэрландаў Дзік Схоф, прэм’ер-міністр Швецыі Ульф Крыстэрсан. Фота: AP Photo/Markus Schreiber, Pool
План прадугледжвае:
- Пастаянную вайсковую падтрымку Украіны. Колькасць УСУ захоўваецца на ўзроўні 800 тысяч чалавек у мірны час для стрымлівання магчымай агрэсіі і абароны тэрыторыі;
- Шматнацыянальныя сілы Украіны пад кіраўніцтвам Еўропы: яны фармуюцца ў рамках «кааліцыі ахвотных» пры падтрымцы ЗША — для аднаўлення УСУ, абароны неба і бяспекі на моры, з магчымымі дзеяннямі ўнутры Украіны
- Механізм кантролю спынення агню: маніторынг пад кіраўніцтвам ЗША з міжнародным удзелам — для ранняга папярэджання нападаў, фіксацыі парушэнняў і рэагавання на іх;
- Юрыдычна абавязковыя гарантыі бяспекі: у выпадку нападу — абавязак рэагаваць з дапамогай вайсковых, выведвальных, эканамічных і дыпламатычных мераў;
- Фінансаванне рэканструкцыі, гандлёвыя пагадненні і кампенсацыя шкоды з боку Расіі. Расійскія актывы ў ЕС застаюцца замарожанымі;
- Падтрымку ўступлення Украіны ў ЕС.
У дакуменце падкрэсліваецца, што рашэнне тэрытарыяльных пытанняў павінна застацца за Украінай.
«[Еўрапейскія лідары] пацвердзілі, што міжнародныя межы не павінны змяняцца сілай. Пастановы аб тэрыторыі прымаюцца народам Украіны пасля таго, як будуць фактычна забяспечаныя надзейныя гарантыі бяспекі. Яны пагадзіліся з тым, што некаторыя пытанні неабходна будзе вырашыць на заключным этапе перамоў. Яны падкрэслілі, што падтрымаюць прэзідэнта Зяленскага ў пытанні кансультацый з народам у выпадку патрэбы», — гаворыцца ў заяве.
Чытайце таксама:
Краіны Еўропы і ЗША гатовыя даць Украіне гарантыі па прынцыпе 5‑га артыкула НАТА
ЗША на перамовах у Берліне патрабуюць аддаць Расіі ўвесь Данбас
У Берліне завяршыліся перамовы паміж дэлегацыямі Украіны і ЗША