Яраслаў Раманчук дае прагноз, калі скончыцца вайна. І расказвае, чым цяпер займаецца і як яго шакавалі заявы Бабарыкі
Пагутарылі з эканамістам, кандыдатам у прэзідэнты 2010 года Яраславам Раманчуком пра апошнія гучныя падзеі і яго жыццё ва Украіне падчас вайны.
Яраслаў Раманчук. Фота: Facebook
Чым цяпер займаецца Раманчук
Яраславу Раманчуку 59 гадоў. Ён быў адным з дзесяці кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе. Тады ЦВК даў яму трэцяе месца, намаляваўшы 1,98%. Беларускі палітык і эканаміст з 2021 года жыве ва Украіне.
Падчас размовы з «Нашай Нівай» (яна адбылася 19 снежня ў 15‑ю гадавіну Плошчы) Раманчук знаходзіўся ў сябе дома ў Кіеве без электрычнасці, што было хутчэй нормай, чым выключэннем. Без электрычнасці ў Кіеве цяпер даводзіцца праводзіць ад 8 да 16 гадзін у суткі.
Але за столькі гадоў вайны людзі ўжо адаптаваліся да цяжкіх бытавых умоў, кажа Раманчук, хоць у грамадстве існуе раздражнёнасць, якую выклікае ўнутраная карупцыя.
Раманчук расказвае, чым цяпер займаецца.
«Я з'яўляюся прэзідэнтам Міжнароднага інстытута свабоды. Гэта мазгавы цэнтр, які стварылі бізнэсмены і інтэлектуалы Украіны, якія арыентуюцца на прасоўванне ідэі, тэорыі і практыкі свабоднага рынку і капіталізму. Груба кажучы, гэта тое, чым я займаўся ў Беларусі апошнія 30 гадоў у рамках навукова-даследчага цэнтра Мізэса. Такога роду мазгавога цэнтра ва Украіне раней не было», — адзначае Раманчук.
Эканаміст тлумачыць, што гэта праца звязана з напісаннем навуковых матэрыялаў, распрацоўкай розных дакументаў і праграм па эканамічнай палітыцы. Досвед правядзення сістэмных эканамічных рэформаў ва Украіне будзе вельмі каштоўным для постлукашэнкаўскай свабоднай Беларусі, мяркуе Раманчук.
Скрыншот: ilibertyinstitute.org
Адначасова з працай у інстытуце Яраслаў Раманчук запрошаны лектар Украінскага каталіцкага ўніверсітэта.
«Гэта адзін з найлепшых прыватных універсітэтаў Украіны. Я чытаю там для студэнтаў курс макраэканомікі на англійскай мове. Адначасова я быў дарадцам Рады нацыянальнай бяспекі і абароны, мы там працавалі над эканамічнай дактрынай Украіны», — распавядае Раманчук.
Таксама ён з'яўляецца галоўным эканамістам і ідэолагам у грамадзянскім аб'яднанні «Вільна нація».
У лютым 2026 года Раманчук збіраецца прэзентаваць чарговую кнігу, якая называецца «Украінская платформа бізнэсу». Сваю першую кнігу ва Украіне Раманчук выдаў яшчэ летам 2023 года (яна называлася «Новы Захад. Украінская мара»).
Яраслаў Раманчук. Фота прадастаўлена героем матэрыялу
Праз загрузку палітык ужо амаль год не выкладвае новых відэа на сваім ютуб-канале (на ім 21 тысяча падпісчыкаў), дзе раней аналізаваў эканоміку Беларусі. Але штотыдзень выступае экспертам на канале «Звычайная раніца».
Калі скончыцца вайна?
У мінулым інтэрв'ю «Нашай Ніве» ў пачатку сакавіка 2024 года Раманчук разважаў, што вайна будзе зацяжной. Тады ён спасылаўся на пункт гледжання палітыка Андрэя Іларыёнава, які яшчэ ў пачатку канфлікту сказаў, што вайна ў лепшым выпадку скончыцца ў другой палове 2025 года.
«Цяпер сітуацыя памянялася, з'явіўся магутны, абсалютна непрадказальны фактар, «чорны лебедзь» у выглядзе рудага Трампа», — кажа Яраслаў Раманчук.
Ён прагназуе, што вайна, хутчэй за ўсё, працягнецца яшчэ каля двух гадоў. «Гэта не ацэнка, гэта проста адчуванне. Па тых трэндах, якія ёсць, хутчэй за ўсё, 2027 год стане годам, калі варта чакаць у той ці іншай ступені заканчэння або, скажам так, паўзы гэтага канфлікту», — лічыць эканаміст.
Раманчук адзначае, што, нягледзячы на негатыўныя знешнія і ўнутраныя фактары, ва ўкраінскім грамадстве няма апатыі, засмучэння і настрояў «давайце здавацца».
Яраслаў Раманчук. Фота прадастаўлена героем матэрыялу
«Дух украінцаў — гэта абсалютна фенаменальная рэч, якая зараджае любога чалавека, які сюды трапляе. Да гэтага часу апытанні паказваюць, што 65-70% украінцаў вераць у перамогу і поўнае вызваленне краіны».
Скандал з Міндзічам і рэйтынг Зяленскага
Каментуючы нядаўні карупцыйны скандал вакол «Энергаатама» (адзін з галоўных яго фігурантаў — Цімур Міндзіч, саўладальнік студыі «Квартал 95» і паплечнік Уладзіміра Зяленскага), Раманчук канстатуе, што ўнутраная карупцыя, на жаль, падчас вайны нікуды не дзелася, а толькі прыціхла на першыя паўгода.
«Гэта быў абсалютна ідэальны час для правядзення глыбокіх сістэмных рэформаў, які ўкраінскія ўлады ўпусцілі. Хоць мы — і я асабіста — рыхтавалі прапановы, была гатовая праграма, але вось украінская «глыбінная дзяржава», на жаль, мабілізавалася і вярнулася назад.
Таму мы чуем пра ўсе гэтыя скандалы з «Міндзічгейтам», з былым міністрам энергетыкі [Германам] Галушчанкам, а калі памятаеце, усё пачыналася з яек па 17 грыўняў за штуку — тады гэта была ў разы завышаная цана на звычайныя яйкі для войска».
Раманчук мяркуе, што барацьба з карупцыяй — гэта не столькі вынік працы сілавых структур, колькі журналістаў-расследавальнікаў і той часткі антыкарупцыйнай інфраструктуры, якая досыць даўно працуе ва Украіне.
«Але чаго, трэба прызнаць, не робяць украінцы — яны не ліквідуюць крыніцы карупцыі, яны проста спрабуюць знайсці людзей, якія на гэтых пасадах у гэтай сістэме будуць працаваць па-іншаму. А яно так не працуе.
Таму існуе раздражненне ў грамадстве, ужо быў «кардонны» майдан у абарону САП і НАБУ.
Потым на майдан выходзілі ў падтрымку пераразмеркавання рэсурсаў на УСУ, а не на выдаткі мясцовых уладаў, якія, на мой погляд, таксама з'яўляюцца велізарнымі, раздзьмутымі. Калі пайшоў «Міндзічгейт», натуральна, з'явілася шмат пытанняў адносна таго, як Зяленскі ўцягнуты ці не ўцягнуты, што ён робіць ці не робіць», — тлумачыць эканаміст.
Уладзімір Зяленскі. Фота: УНІАН
Па словах Раманчука, усе гэтыя скандалы, асабліва апошні, паўплывалі на рэйтынг Зяленскага і на давер да ўлады.
«Але як толькі гэта здарылася, на гэтым фоне зноў пайшлі заявы Трампа, ціск на Зяленскага — і ягоны рэйтынг зноў павысіўся да 61%. Падобная сітуацыя была пасля канфлікту Трампа з Зяленскім у Авальным кабінеце.
У такія моманты народ аб'ядноўваецца вакол прэзідэнта. Бо Зяленскі — гэта не столькі менеджар або кіраўнік, які павінен адказваць за стан унутраных сістэм, колькі чалавек, які ўвасабляе абарону краіны ў перамовах са знешнім светам».
Пры гэтым, адзначае эканаміст, калі знешняга ціску няма, людзі адразу ж больш увагі звяртаюць на ўнутраныя праблемы, якія тармозяць эканоміку.
Аднак Раманчук упэўнены, што, нягледзячы на праблемы, большая частка ўкраінскага грамадства не гатовая здавацца і ісці на саступкі Расіі — у прыватнасці, у плане здачы тэрыторый у абмен на магчымае спыненне вайны.
«Прыхільнікі такога падыходу ёсць, але яны ў меншасці. Думаю, што калі б тэарэтычна адбыўся рэферэндум, то за здачу тэрыторый прагаласавалі б 10-15% украінцаў», — лічыць Раманчук.
Майдан Незалежнасці ў Кіеве. Фота: «Наша Ніва»
Высылка беларускіх палітвязняў і неадназначныя выказванні Бабарыкі
Ва Украіну нядаўна былі выправаджаныя больш за 100 палітвязняў, сярод якіх аказаліся Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава. Гэта вельмі важная для Беларусі падзея, па назіраннях палітыка, была малапрыкметнай ва ўкраінскім грамадстве.
«Украінскі народ у цэлым успрыняў добра той факт, што краіна прыняла палітвязняў з Беларусі. Усе разумеюць, што гэта была прымусовая высылка, што Лукашэнка — вораг Украіны і памагаты Расіі. Людзі, якія з'яўляюцца ворагамі Лукашэнкі, натуральна, былі ўспрынятыя пазітыўна».
Сам факт высылкі палітвязняў у ваюючую Украіну Раманчук называе спробай Лукашэнкі і Пуціна «сутыкнуць нас ілбамі»: каб у выпадку адмовы Украіны прыняць людзей паказаць, якія ўкраінцы «дрэнныя».
«Думаю, разлічвалі на правакацыю і менавіта на такі інфармацыйны эфект, але ў іх нічога не выйшла. Украінцы ўсіх сустрэлі, накармілі, абагрэлі.
Калі ж казаць агулам, то для Украіны высылка больш за 100 беларускіх палітвязняў не стала топавай падзеяй. Гэта супала з амерыканскімі сюжэтамі, абстрэламі Адэсы, адключэннямі святла. То-бок калі навіна аб беларусах і трапіла ў топ-10, то недзе ў самым канцы спісу», — лічыць Раманчук.
Адпаведна, не выклікалі вялікага рэзанансу ў грамадстве і неадназначныя выказванні Віктара Бабарыкі аб прыналежнасці Крыма і вытоках вайны.
Што тычыцца асабіста Яраслава Раманчука, то яго заявы Бабарыкі шакавалі.
Віктар Бабарыка ў Чарнігаве 14 снежня 2025 года. Фота: Maksym Kishka Anadolu / Getty Images
«Бабарыка быў і застаецца чалавекам, які не ўсвядоміў зусім іншую сітуацыю і статус нацысцкага крамлёўскага рэжыму, не ўсвядоміў пагібельнасць беларускай таталітарнай сістэмы», — абураецца палітык.
Раманчук дадае, што і ў 2020‑м Віктар Бабарыка не быў ягоным кандыдатам. Палітык лічыць: калі ў бліжэйшы час Бабарыка і Калеснікава не зменяць і выразна не агучаць сваю пазіцыю, то да іх трэба будзе ставіцца адпаведным чынам.
«Калі яны ў бліжэйшы тыдзень-два не зробяць выразных заяваў у дачыненні да злачыннай вайны Расіі супраць Украіны, не выкажуцца адназначна адносна агрэсара Лукашэнкі, тады з імі няма пра што размаўляць.
Што тычыцца Украіны, то тут іх выказванні асабліва не абмяркоўваюцца. На шчасце, Беларусь тут асацыюецца з Ціханоўскай, з каліноўцамі і іншымі беларусамі, якія знаходзяцца тут», — мяркуе Раманчук.
Цяжкасці з легалізацыяй і ўкраінская бюракратыя
Раманчук прызнаецца, што яму даводзіцца штогод змагацца з украінскай бюракратыяй, калі прыходзіць час абнаўляць часовы ДНЖ.
«Я жыву ва Украіне з 2021 года, у мяне ёсць пастаяннае месца працы, я чалавек вядомы ва ўкраінскіх урадавых і грамадскіх колах, часта выступаю па тэлебачанні, у мяне ёсць дакументы аб тым, што я з'яўляюся дарадцам, але ўсё роўна кожны год даводзіцца абнаўляць дакументы, а бюракратыя ва Украіне дзікая», — адзначае эканаміст.
Яраслаў Раманчук разам з Міхаілам Падаляком і Анатолем Лябедзькам на сустрэчы ў Кіеве. Фота: старонка ў Facebook Яраслава Раманчука
Раманчук заўважае, што беларусам ПМЖ у гады вайны Украіна амаль не выдавала, але спадзяецца, што ў наступным годзе яму ўдасца атрымаць гэты статус.
«Наогул лічу, што трэба ставіць пытанне аб зняцці абмежаванняў з грамадзян Беларусі, асабліва ў выпадку пастаяннага пражывання ва Украіне», — кажа ён.