«Людзям патрэбна цяпло». Як варшаўскі шэлтар прымае беларускіх экс-палітвязняў
Ганна Федаронак — сузаснавальніца фонду «Прытулі мяне». Разам з адміністратаркай Алесяй яны ўдзвюх кіруюць шэлтарам, які ўжо амаль чатыры гады працуе ў адным са спальных раёнаў Варшавы. Жанчына расказала і паказала журналісту «Еўрарадыё» Тарасу Тарналіцкаму, як працуе ўстанова ў дзень засялення сваіх новых жыхароў.
Ганна Федаронак у шэлтары «Прытулі мяне». Фота: «Еўрарадыё»
«Не звяртайце ўвагі, у нас тут хаос, як на вайне», — смеючыся, выбачаецца жанчына, дадому да якой журналіст трапіў у сярэдзіне дня ў нядзелю. Пакой для размовы сапраўды нагадвае склад: падушкі, коўдры, бялізна, але выбачацца тут няма за што — арандатары дома рыхтуюцца да засялення палітвязняў, якія прыехалі ў Варшаву з Украіны пасля вялікага вызвалення 13 снежня.
«Я прызвычаілася круціцца ў такім рытме»
— Наш шэлтар — гэта не хостэл, тут людзі жывуць бясплатна. У нас ёсць правіла: два месяцы бясплатнага пражывання. Гэтага часу звычайна хапае, каб чалавек змог падацца на легалізацыю, зрабіў неабходныя дакументы, знайшоў працу і першае жытло. Мы засяляем па тры чалавекі ў пакой, каб людзям было камфортна, бо пасля турэмных нараў ім вельмі важна адчуць чалавечыя ўмовы. Максімальна мы можам прыняць 18 чалавек, бо маем толькі два санвузлы і адну агульную кухню.
Ганна Федаронак у адным з пакояў шэлтара. Фота: «Еўрарадыё»
Будынак шэлтара мае сваю гісторыю: спачатку тут быў фонд «Краіна для жыцця», а калі пачалася вайна, нашымі першымі жыхарамі сталі мамы з дзецьмі з Украіны. Пасля праз нас праходзілі беларусы, якія ўцякалі з Украіны, а з канца 2023 года мы цалкам сканцэнтраваліся на беларускіх палітвязнях і тых, хто з’язджае праз рэпрэсіі.
Утрымліваць такі дом — гэта вялізныя грошы. Арэнда каштуе 12 тысяч злотых (каля 3 тысяч даляраў) за месяц, і гэта не лічачы велізарных рахункаў за камунальныя паслугі. Нам вельмі пашанцавала, што зараз нас падтрымлівае Міжнародны гуманітарны фонд (МГФ), які даў фінансаванне на год наперад. Але месца ўсё адно мала, і мы ўжо сустракаліся з мэрыяй Варшавы, прасілі большы будынак. Яны абяцалі разгледзець гэтае пытанне, але толькі ў 2026 годзе.
Што тычыцца мяне асабіста, то ў фондзе я працую як валанцёрка. Каб мець грошы на жыццё, я працую прыбіральшчыцай у офісах пасля асноўнай працы ў шэлтары. Гэта фізічна цяжка, але я прызвычаілася круціцца ў такім рытме.
Я добра разумею гэтых людзей, бо сама прайшла праз тое ж самае. На пачатку 2021 года я ўцякала з Беларусі сярод ночы, мяне вывозілі віцебскія праваабаронцы. У мяне не было з сабой нічога: ні шкарпэтак, ні зменнай бялізны. Я жыла ў Кіеве ў хостэле на двух’ярусных ложках па шэсць чалавек у пакоі. У 2020 годзе я сама была «на сутках», і тых дзён мне хапіла, каб зразумець, што такое быць за кратамі.
На маю думку, пакуль Лукашэнка не перастане гандляваць людзьмі, наша праца будзе патрэбная. У яго ў Беларусі яшчэ засталося мільёнаў з сем «тавару», і з такімі маньякамі можна размаўляць толькі з пазіцыі сілы.
«Ваенны рэжым» падчас прыезду палітвязняў
— Калі стала зразумела, што людзі паедуць і іх трэба будзе сустракаць, мы з маім адміністратарам Алесяй былі ў Вільні [на цырымоніі ўзнагароджання] па асабістым запрашэнні Святланы Ціханоўскай. Вераніка Станкевіч з арганізацыі «Вольныя» напісала нам: «Дзяўчаты, едзьце», бо трэба было рыхтавацца да засялення.
Адзін з пакояў шэлтара для экс-палітвязняў. Фота: «Еўрарадыё»
Мы вярнуліся ў чацвер позна ўвечары і з таго часу ўжо трэція суткі працуем у «ваенным рэжыме». У шэлтары заўсёды нехта жыве, таму нам давялося тэрмінова вызваляць месцы: тых, у каго ўжо сканчаўся двухмесячны тэрмін пражывання, мы папрасілі з’ехаць. Пакінулі толькі сям’ю з трохгадовым дзіцём і трох хлопцаў, якія нядаўна выйшлі пасля чатырох гадоў калоніі.
Гэтае вызваленне не было для нас нечаканасцю — мы яго чакалі і прадчувалі. Зараз усе праваабарончыя арганізацыі працуюць вельмі зладжана: адныя сустракаюць, другія аказваюць юрыдычную дапамогу, а наш абавязак — даць гэтым людзям дах над галавой.
«Людзі больш за ўсё хочуць проста абдымацца»
Пакуль наш фонд знаходзіцца ў працэсе рэгістрацыі ў судзе, у нас няма афіцыйнага рахунку, таму я проста напісала ў Facebook, што нам патрэбная дапамога — і водгук беларусаў быў неймаверным.
Людзі вязуць усё: коўдры, падушкі, прадукты. Учора нам прывезлі яшчэ адну лядоўню, і цяпер яны ўсе запоўненыя ежай.
Дапамагаюць і вядомыя людзі, і былыя жыхары шэлтара. Павел Латушка асабіста заказаў для нас 10 камплектаў пасцельнай бялізны, а музыка Піт Паўлаў абяцаў правесці кватэрнік перад Новым годам.
Мой сябар Дзяніс арганізуе для былых палітвязняў лазню з венікамі. Мяркую, што тут, як у прымаўцы: «Госця напаі, накармі, у лазні папар, а потым ужо пра справы пытай».
Склад з бялізнай шэлтара. Фота: «Еўрарадыё»
Хлопцы, якія жылі ў нас раней, таксама падтрымліваюць: Глеб, які зараз жыве ў Гданьску, прыехаў папіць гарбаты і пакінуў сто злотых, а Мікалай, які працуе на будоўлі і мае траіх дзяцей, прывёз муку, цукар і кансервы. Гэтая салідарнасць проста вяртае да жыцця і прымушае паверыць у нешта чалавечае.
Нягледзячы на вялікую колькасць прывезеных рэчаў, некаторыя пытанні застаюцца незакрытымі. Вось тое, чаго нам не хапае зараз:
- Мужчынская вопратка і абутак. У нас ёсць склад, але там пераважна жаночыя рэчы, а мужчынскага адзення няма зусім, пры гэтым многія людзі прыязджаюць наогул без рэчаў;
- Сушылкі для бялізны. Нам трэба неяк сушыць вялікую колькасць пасцелі і адзення;
- Прадукты на перспектыву. Хоць цяпер лядоўні поўныя, людзі будуць жыць у нас два месяцы. Тыя грошы, што ім збіраюць праваабаронцы, мы просім іх не траціць, а адкладаць на будучае жытло, таму харчаванне мы спрабуем забяспечыць самі праз дапамогу людзей;
- Асабістыя лекі. Мы пакуль толькі засяляемся і яшчэ не ведаем усіх патрэбаў па здароўі, але лекі могуць спатрэбіцца пазней.
А яшчэ людзі больш за ўсё хочуць проста абдымацца — ім вельмі важна адчуць, што іх тут чакалі і яны патрэбныя.
«Адчула, што яна насамрэч жыве»
— Працаваць [у шэлтары] псіхалагічна вельмі цяжка. Кожны новы чалавек прывозіць свой боль. Бывае, мужчыны сядзяць насупраць, распавядаюць сваю гісторыю і плачуць, і я плачу разам з імі.
Адзін з пакояў шэлтара для экс-палітвязняў. Фота: «Еўрарадыё»
Але бачыць, як людзі змяняюцца да лепшага — гэта шчасце. Вось быў у нас Дзіма, яму 53 гады. Ён прыехаў такі разгублены, што, калі я сказала слова «пэсэль» (PESEL — асабісты ідэнтыфікацыйны нумар для жыхароў Польшчы), ён глядзеў на мяне як на іншапланецяніна. А праз два месяцы яго не пазнаць: працуе ў аўтасэрвісе, зняў пакой і чакае прыезду сям’і.
Або Таня Крапіневіч, «настаўніца года Беларусі». Яна казала, што толькі на пяты дзень пасля выхаду з шэлтара, ідучы па вуліцы пад сонцам, адчула, што яна насамрэч жыве. Зараз яна выкладае матэматыку ў польскай школе і размаўляе па-польску лепш за мяне.
Увага спецслужбаў і асабістая бяспека
— Наш шэлтар — гэта закрытая тэрыторыя, ключы ёсць толькі ў жыхароў, бо бяспека палітвязняў для мяне прыярытэт. Але я не маю ілюзій: спецслужбы выдатна ведаюць наш адрас. Калі ў маіх сваякоў у Беларусі былі ператрусы, па тэлебачанні паказвалі сюжэт пра «начлежку Ганны Федаронак у Варшаве». На мяне там заведзена ўжо 19 крымінальных спраў, мой дом і маёмасць пад арыштам.
Са мной спецслужбы наўпрост не кантактуюць. Яны ведаюць, што ў мяне «доўгі язык» і я ніколі не буду маўчаць, адразу ўсё выкажу. Яны перадавалі праз знаёмых, каб я «закрыла рот», але я ў вольнай краіне і буду казаць тое, што хачу. Я не баюся іх сачэння, бо не лічу іх такімі ўжо магутнымі ці разумнымі — у іх проста не хапае грошай сачыць за кожным.