БЕЛ Ł РУС

Адбылася масіраваная расійская атака. Пад ударам Кіеў, Жытомір, Роўна, Бурштын, Цярнопальшчына і Букавіна

23.12.2025 / 8:21

Nashaniva.com

Уночы 23 снежня Расія нанесла масаваны ўдар па Украіне. Сотні шахедаў яшчэ з 00:00 атакавалі практычна ўсе рэгіёны краіны, а бліжэй да ранку дасягнулі заходніх абласцей і ўдарылі па Жытоміры, Роўне, дабраліся да Цярнопальшчыны, Букавіны і Івана-Франкоўшчыны, піша Бі-бі-сі — Украіна.

Паводле звестак маніторынгавых каналаў, каля дзесяці стратэгічных бамбавікоў маглі ажыццявіць пускі крылатых ракет. Таксама адбыліся пускі крылатых ракет «Калібр» з мора.

Фіксуюцца ўдары па Роўне, Жытоміры атакуюць шахедамі некалькімі хвалямі.

Кіраўнік Чарнавіцкай вобласці паведамляў пра дроны над вобласцю; пад пагрозай знаходзілася Днястроўская ГЭС.

Пасля 6‑й гадзіны раніцы паветраную трывогу абвясцілі на Івана-Франкоўшчыне. Паводле маніторынгавых каналаў, шмат «шахедаў» ляцяць на Бурштын, дзе размешчаная важная ТЭЦ.

Агулам падчас гэтага ўдару чакаюць асаблівай увагі да энергетычнай інфраструктуры Адэскай вобласці і ўсяго паўднёвага рэгіёна. Сам горад Адэса некалькі дзён знаходзіўся ў поўным блэкаўце. 

Амаль усю ноч «шахеды» абляталі Кіеў, але перад світанкам пачалі атакаваць і сталіцу Украіны. Там абвясцілі паветраную трывогу і пачала працаваць сістэма супрацьпаветранай абароны. Пераважна гэтай ноччу шахеды наносілі ўдары па навакольных гарадках каля Кіева.

Улады Сумскай вобласці ўжо паведамілі пра значныя разбурэнні інфраструктуры паблізу Шосткі і Канатопа; пачаліся праблемы з электразабеспячэннем.

Апошні раз Расія наносіла масаваны ўдар па ўсіх рэгіёнах Украіны 6 снежня, калі былі пашкоджаны аб’екты энергетыкі і ўведзены жорсткія графікі адключэння электраэнергіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула