Мелоні выставіла на аўкцыён кур’ёзныя дзяржаўныя падарункі. Сярод лотаў — чаравікі са скуры пітона, iPad ад Зяленскага і мех рысу
Прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні атрымала ад лідараў іншых дзяржаў нямала падарункаў, якія цяпер яна выставіла на продаж.
Фота: Simona Granati — Corbis/Corbis via Getty Images
Напрыклад, прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей падарыў ёй статуэтку з выявай самога сябе з бензапілой, а прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан — фарфоравы кававы сервіз легендарнай венгерскай маркі Herend. Разам з ім Орбан чамусьці падараваў Мелоні не каву, а шэсць бутэлек белага віна. Яны таксама выстаўленыя на аўкцыёне ў Рыме, піша Bild.
Сярод іншых лотаў — сінія чаравікі са скуры пітона з залатым абцасам ад саудаўскага дызайнера, шэрая шаўковая хустка з фотаздымкамі нейкіх албанцаў ХХ стагоддзя ад прэм’ер-міністра Албаніі Эдзі Рамы, дыяментавыя каралі ад прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева… Ёсць нават мех рысу ад прэм’ер-міністра Пакістана. Усяго — больш за 270 розных падарункаў з усяго свету.
Сярод іншых жартаўлівых падарункаў — iPad ад прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага (як сімвал непарыўнай сувязі), скейтборд ад горада Мантэсільвана, альпійскія і берсальерскія капелюшы, а таксама кавалак высокавольтнага кабелю ад ЦЕРН.
Ацэначны кошт усіх гэтых дароў складае каля 800 000 еўра. Мелоні прадае іх зусім не таму, што яны ёй не спадабаліся: паводле закону яна не мае права пакідаць сабе падарункі коштам больш за 300 еўра.