Золата ўпершыню ў гісторыі перавысіла 4500 даляраў за унцыю
Уночы 23 снежня біржавая цана золата перавысіла 4500 даляраў за тройскую унцыю. На піку таргоў кошт металу дасягаў 4530,8 даляра за унцыю.
Фота: Osaka / Wayne Studio / Getty Images
Потым метал усё ж скінуў да 4500 даляраў.
Золата абнаўляе рэкордныя максімумы ўжо 50 дзён запар, падлічыў Bloomberg. Аднак вышэй за ўзровень 4500 даляраў цэны каштоўнага металу падняліся ўпершыню ў гісторыі.
Да 4400 даляраў за унцыю падаражэла толькі ў мінулую пятніцу.
Аналітыкі мяркуюць, што золата можа ненадоўга затрымацца на гэтым узроўні. Каля чвэрці попыту на гэты каштоўны метал мае інвестыцыйны характар, а гэта значыць, што ён можа вярнуцца на рынак у выглядзе прапановы.
Аналітыкі JP Morgan, Bank of America і кансалтынгавай кампаніі Metals Focus цяпер чакаюць, што цана зліткаў дасягне 5000 даляраў за тройскую унцыю ў 2026 годзе.