Паштовую станцыю ХІХ стагоддзя прадаюць у Віцебскай вобласці
У Віцебскай вобласці на аўкцыён зноў выставілі гістарычны будынак — паштовую станцыю ХІХ стагоддзя. Пару гадоў таму станцыйны комплекс з флігелем для фурманаў у вёсцы Паграбёнка Сенненскага раёна спрабавалі прадаць за 38 тысяч рублёў.
Цяпер жа пабудову гатовы перадаць новаму ўладальніку ўсяго за 126 рублёў. Таргі пройдуць у студзені на электроннай пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць», піша Realt.by.
Паўтара стагоддзя таму сённяшняя дарога пад нумарам Р87 на ўсходняй ускраіне Сенненскага раёна была жвавай «магістраллю», а дакладней — паштовым трактам, які вёў з Кіева ў Санкт-Пецярбург. Уздоўж усёй трасы да нашых дзён захаваліся дзясяткі паштовых станцыйных комплексаў, дзе праезджыя экіпажы маглі адпачыць, змяніць паштовых коней, ажыццявіць абмен поштай паміж паштальёнамі.
Адна з такіх станцый, што захаваліся на Віцебшчыне, — паштовая станцыя каля вёскі Паграбёнка.
Асаблівасці гэтага каменнага будынка плошчай 115 квадратных метраў — выцягнутыя вокны ў гатычным стылі і каваны навес над уваходам. У савецкія гады ў будынку размяшчалася крама.
Паводле ўмоў аўкцыёну пасля пакупкі новы ўласнік можа выкарыстоўваць будынак для размяшчэння аб’ектаў адміністрацыйнага і сацыяльна-культурнага прызначэння. Варта адзначыць, што станцыйны комплекс з флігелем для вознікаў з гаспадарчымі пабудовамі (пад руйнаванне) мае статус гістарычна-культурнай каштоўнасці 2‑й катэгорыі.
Таргі па продажы паштовай станцыі ў Сенненскім раёне адбудуцца 23 студзеня на электроннай пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць». Пачатковы кошт аб’екта — 126 рублёў.