БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Пуцін ніяк не можа змірыцца з тым, што трэба перастаць забіваць

23.12.2025 / 11:38

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў масаваную расійскую атаку, у выніку якой загінула чатырохгадовая дзяўчынка, ёсць іншыя ахвяры, разбураецца энергетыка і іншая крытычная інфраструктура краіны.

«З ночы працягваецца масаваны расійскі ўдар па Украіне, перш за ўсё па нашай энергетыцы, па цывільнай інфраструктуры, літаральна па ўсёй інфраструктуры жыцця. Было ўжо больш за 650 дронаў, і значная частка — гэта «шахеды». Больш за тры дзясяткі ракет», — сказаў Зяленскі. 

На гэты момант на большай частцы тэрыторыі Украіны захоўваецца рэжым паветраных трывог. На Кіеўшчыне ад удару расійскага дрона загінула жанчына. Вядома пра загінулага чалавека на Хмяльніччыне. На Жытоміраўшчыне загінула чатырохгадовае дзіця — расійскі дрон трапіў у жылы дом.

Агулам пад ударам былі ўжо як мінімум 13 абласцей. 

«Гэты расійскі ўдар надзвычай ясна сігналізуе пра расійскія прыярытэты. Удар перад Калядамі, калі людзі хочуць пабыць проста са сваімі роднымі, дома, у бяспецы. Удар фактычна ў разгар перамоў, якія вядуцца, каб закончыць гэтую вайну.

Пуцін ніяк не можа змірыцца з тым, што трэба спыніць забойствы. І гэта азначае, што свет цісне на Расію недастаткова. Зараз трэба рэагаваць. Трэба даціскаць Расію да міру і гарантаванай бяспекі», — кажа Зяленскі. 

Ён гаворыць, што нельга не забываць, што кожны дзень — і ў будні, і ў святы — Украіна абараняе жыццё людзей.

«СПА для Украіны, фінансаванне на закупку зброі, пастаўкі энергетычнага абсталявання — усё гэта працэсы, якія не сыходзяць на выходныя», — дадаў ён.

Прэзідэнт Украіны падзякаваў усім, хто дапамагае Украіне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула