БЕЛ Ł РУС

На востраве Тэнэрыфе пабілі сусветны рэкорд па даўжыні каляднага дэсерту

23.12.2025 / 22:13

Nashaniva.com

На іспанскім востраве Тэнэрыфе ў горадзе Санцьяга-дэль-Тэйдэ ўстанавілі рэкорд Кнігі Гінеса, прыгатаваўшы самы доўгі ў свеце калядны дэсерт. Гатавалі там турон — традыцыйную іспанскую слодыч, падобную да нугi, піша выданне Tenerife Weekly.

Фота: Tenerife Weekly

Прадстаўнік Кнігі рэкордаў Гінеса афіцыйна зафіксаваў даўжыню ласунку пасля дакладных замераў і ўліку пашкоджаных фрагментаў. У выніку было пацверджана, што турон дасягнуў 1151,15 метра. Калі б яго выклалі па прамой лініі, гэта адпавядала б даўжыні амаль адзінаццаці футбольных палёў.

Фота: Tenerife Weekly

Арганізатары адразу планавалі пабіць папярэдні рэкорд, усталяваны ў Італіі, дзе даўжыня дэсерту складала 1004 метры. Для рэалізацыі ідэі аб’ядналіся мясцовыя кандытары, вядомыя майстры з горада Такаронтэ і дзясяткі валанцёраў. Працэс прыгатавання гіганцкага турона заняў каля васьмі гадзін.

Па словах шэф-кухара Пабла Пастара, кіраўніка Канарскай асацыяцыі шэф-кухараў і кандытараў, для дэсерту выкарысталі больш за тону гофіа, сотні кілаграмаў мёду, цукру, шакаладу, міндалю і бананаў.

Акрамя прыцягнення турыстаў, арганізатары хацелі падзяліцца святочным настроем з людзьмі, якія маюць патрэбу ў падтрымцы. Пасля фіксацыі рэкорду турон раздавалі жыхарам і гасцям горада, а значную частку перадалі няўрадавым арганізацыям, што ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы мерапрыемства.

Чытайце таксама:

Зорка Бэтлеемска над маёнткам ззяе. Як шляхта святкавала Божае Нараджэнне

Трубачка ў карыцы — чэшскі трдзельнік. Гатуем дома: рэцэпт і сакрэты

Цэны на прысмакі шакуюць беларусаў: суніцы ў шакаладзе — 721 рубель за кілаграм

Каментары да артыкула