БЕЛ Ł РУС

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем

24.12.2025 / 16:37

Nashaniva.com

Адзін з былых сядзельцаў CІЗА КДБ расказаў «Нашай Ніве», як перасекся ў адной камеры з экс-начальнікам Упраўлення крымінальнага вышуку МУС Анатолем Савіцкім. Былы сілавік трапіў за краты як дырэктар сеткі гіпермаркетаў «Гіпа», калі закруцілася справа «Белвілесдэна». І першы час не прызнаваўся, хто ён, баючыся, што яго зарэжуць. 

Анатоль Савіцкі. Фота: «Мінск-Навіны»

Апісаныя падзеі адбываліся ў 2024 годзе, калі закруцілася справа «Гіпа». Аляксандр Лукашэнка абурыўся заробкамі топ-менеджараў рытэйлавых кампаній, сілавікі пайшлі па офісах з пагромамі. У прыватнасці, быў затрыманы ўласнік «Белвілесдэна» Васіль Варфаламееў. Пра затрыманне менавіта Савіцкага інфармацыі раней не было. 

Чытайце таксама: Арыштаваны беларускі нафтавы магнат і саўладальнік «Гіпа» Васіль Варфаламееў

«У камеру зайшоў немалады мужчына, ужо сівы. Кажа: «Ну, добры вечар!» Месцаў не было, то яму прапанавалі размясціцца пад ніжняй нарай. А там нізкавата, месца мала — проста не ўлазіць туды. То мы рэчы свае неяк распіхалі, каб яго пакласці. Яшчэ ж трэба, каб і не галавой да парашы. (Маецца на ўвазе вядро — у СІЗА КДБ не ва ўсіх камерах ёсць каналізацыя, адпаведна, вязні ходзяць у вядро, якое раз на суткі выносіцца ў суправаджэнні афіцэра КДБ. — НН).

Ён улёгся, на наступныя дні разгаварыліся, то ён прызнаўся, што былы афіцэр міліцыі. І не проста афіцэр, а начальнік Упраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Анатоль Савіцкі. І вокны яго колішняга кабінету выходзілі проста на прагулачны дворык Амерыканкі, СІЗА КДБ. «Раней глядзеў уніз, бачыў людзей, думаў: а хто яны і чаго туды трапілі?», — казаў Савіцкі.

А пра біяграфію сваю адразу не прызнаваўся, бо хацеў разабрацца, хто з ім у камеры.

Мы яшчэ смяяліся: няўжо думаў, што мы цябе падрэжам? Ён насамрэч быў напалоханы, уяўляў што ў СІЗА КДБ публіка такая, што можа трапіцца рэальны бандыт, які лыжку заточыць і ўваткне. Але ў нас у камеры былі толькі інтэлігенты.

Расказваў, маўляў, памятаеце выбух на стэле ў Мінску ў 2008? Вось за яго мяне і знялі, бо не прадухіліў.

І ён пайшоў працаваць да прыватнікаў, у выніку стаў выканаўцам абавязкаў дырэктара «Белвілесдэна» — гэта сетка крамаў «Гіпа», — сказаў нам суразмоўца.

Савіцкі тлумачыў сутнасць заведзенай крымінальнай справы. Па яго словах, сілавікі знайшлі нейкую афіліяваную фірму, якая аказвала паслугі асноўнай юрыдычнай асобе. На гэта паглядзелі як на спробу сыходу ад падаткаў і арыштавалі кучу людзей і з «Гіпа», і з той кампаніі.

«А ў яго пазіцыя была: «Дык фірма заснавана да таго, як я прыйшоў на работу. Я не ведаў, што там нешта ёсць». А яму казалі, што ўсё ты ведаў, падла. Агулам пытанне там было ў тым, каб заплаціць. Пры гэтым налічаная сума шкоды была па ягоным разуменні мізэрная, і ён гатовы быў пагадзіцца і кампенсаваць яе хоць адразу. Але там ужо пачаліся нейкія гульні з дадатковымі патрабаваннямі да ўласнікаў, і сябе ён разглядаў як закладніка з мэтай аказання на іх ціску.

Потым некаторых менш значных людзей пачалі выпускаць —бухгалтарак, напрыклад. 

Савіцкі палічыў, што яго таксама вось-вось выпусцяць, з усім разбяруцца і абавязкова выпусцяць, што ён ні пры чым.

Гэта першая надзея любога чалавека, які трапіў у СІЗА. Следчыя гэтую ілюзію не развейваюць, і мы таксама яго не адгаворвалі. Ну верыць, што выйдзе не сёння дык заўтра, хай.

Гэта яму ў выніку выйшла бокам, бо ў нейкі дзень у акенца прараўлі: «Савіцкі, на выхад!». Ён узрадаваўся, што вось яна, свабода. З усімі сардэчна развітаўся, пакінуў нам усе свае рэчы. Нашы дзверы замкнуліся, але чуем — суседнія брацнулі. Яго проста ў іншую камеру перавялі. А ён туды зусім пусты прыйшоў, без нічога, нават зубную шчотку пакінуў», — дадаў суразмоўца. 

Імаверна, неўзабаве Савіцкі ўсё ж выйшаў на свабоду і вярнуўся на тую ж самую работу. У інтэрнэце можна знайсці дакументы «Белвілесдэна» за 2025 год, падпісаныя «в.а. генеральнага дырэктара А.І. Савіцкім».

***

Анатоль Савіцкі ў 2007-м. Фота: Sb.by

Анатоль Савіцкі нарадзіўся ў вёсцы Сякерка Бялыніцкага раёна. Пачынаў службу ў аддзеле па раскрыцці крадзяжоў аўтатранспарту ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Мінгарвыканкама ў 1995 годзе. Займаў пасаду старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах.

У 2001 годзе стаў намеснікам начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку. У 2003 годзе быў прызначаны начальнікам упраўлення крымінальнага вышуку. У 2008 годзе звольнены па ўзросце. Званне — падпалкоўнік міліцыі.

У 2009 годзе Савіцкі трапіў у даклад тагачаснага генпракурора Рыгора Васілевіча, які абвінаваціў шэраг дзяржслужачых у незаконным атрыманні зямельных участкаў. Савіцкі адказваў, што ўжо на пенсіі і лічыць траплянне свайго прозвішча ў спіс Васілевіча памылкай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула