БЕЛ Ł РУС

Наёмніка што быў ва ўкраінскім палоне, вярнулі ў Расію, а затым асудзілі ў Беларусі не менш чым на 10 гадоў

24.12.2025 / 8:17

Nashaniva.com

Ураджэнец Рудзенска Максім Зязюльчык пасля вяртання з украінскага палону быў асуджаны ў Беларусі па артыкулах «здрада дзяржаве» і «наёмніцтва».

Нядаўна ён атрымаў не менш за 10 гадоў пазбаўлення волі і быў накіраваны для адбывання пакарання ў папраўчую калонію № 17 у Шклове, паведамілі Reform.news прадстаўнікі ініцыятывы DissidentBY.

Нагадаем, грамадзянін Беларусі Зязюльчык ваяваў на баку Расіі ў складзе ПВК «Рэдут» і быў узяты ў палон 19 верасня 2022 года. Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева ў студзені 2023 года прысудзіў яго да 10 гадоў пазбаўлення волі за наёмніцтва (ч. 4 арт. 447 КК Украіны).

Як вынікае з матэрыялаў суда, калі пачалася вайна, беларус, ураджэнец Рудзенска, служыў па кантракце ў Беларусі. Ад камандзіра сваёй часці ён даведаўся пра ПВК «Рэдут» і вырашыў пайсці ў наёмнікі. У ліпені 2022 года ён прыехаў у расійскі Тамбоў і падпісаў кантракт з ПВК.

Паводле кантракта, ён павінен быў атрымліваць грашовае забеспячэнне 3,6 тыс. даляраў у месяц, а таксама страхаванне жыцця на 60 тысяч даляраў. Пасля трохдзённай падрыхтоўкі беларуса адправілі ва Украіну на пасаду кулямётчыка-рэтранслятара. Пад Краснаполлем ён атрымаў раненне і вярнуўся ў Ізюм, пасля чаго быў перадыслакаваны ў сяло Сватава Луганскай вобласці і ў сяло Каровін Яр у Данецкай вобласці. 19 верасня ён атрымаў раненне ў нагу ад свайго камандзіра і быў узяты ў палон.

У лютым 2023 года СБУ паведаміла, што Зязюльчык — супрацоўнік КДБ, які збіраў разведвальную інфармацыю для Мінска і спрабаваў высветліць магчымыя планы расіян па адхіленні Лукашэнкі ад улады. У тым жа годзе ён распавёў пра сваю працу на КДБ Беларусі ў інтэрв’ю блогеру Уладзіміру Золкіну і Максіму Шабуцкаму.

У межах абмену, які адбыўся 8 лютага 2024 года, Украіна перадала Расіі палоннага грамадзяніна Беларусі.

Увосень 2024 года пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы РФ і Беларусі ён быў затрыманы. 8 жніўня 2025 года ў Магілёўскім абласным судзе пачаўся працэс у закрытым пасяджэнні.

Яго маці, Ала Мікалаеўна Рысявец, звярнулася па падтрымку ў рух «Ветэраны Расіі». У сваю чаргу «Ветэраны Расіі» спрабавалі вырашыць пытанне праз пасольства РФ у Беларусі, аднак там толькі адзначылі, што «магчымасці па абароне Максіма Зязюльчыка абмежаваныя яго грамадзянствам РБ». У пасольстве паабяцалі дамагчыся зняцця абвінавачанняў па артыкуле 133 КК РБ («наёмніцтва»), улічваючы яго баявыя заслугі — ён быў узнагароджаны медалём «За адвагу» (указ прэзідэнта РФ ад 26 красавіка 2023 года, узнагарода № 145837).

Не дапамог і зварот да Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні наёмніка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула