Церцель заявіў пра ліквідацыю «сеткі», якая праслухоўвала пілотаў
Магчыма, гаворка пра антываеннае падполле — беларускіх патрыётаў, якія, аналагічна як інфарматары «Беларускага Гаюна», адсочвалі ваенную актыўнасць авіяцыі.
Контрразведка выявіла і ліквідавала «шырокую, разгалінаваную сетку замежных спецслужбаў», якая «пры садзейнічанні пэўных асоб дзейнічала на тэрыторыі Беларусі» і займалася «праслухоўваннем пілотаў грамадзянскай і вайсковай авіяцыі». Пра гэта журналістам заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель па выніках даклада Лукашэнку.
Гаворка ідзе пра ўстаноўку тэхнічных сродкаў, што дазвалялі праслухоўваць перамовы пілотаў як грамадзянскай, так і ваеннай авіяцыі. Таксама вёўся маніторынг вакол рэжымных аб’ектаў. «Вялікая маштабная работа контрразведкі дазволіла ліквідаваць гэтыя пагрозы», — падкрэсліў Іван Церцель.
Хто быў арыштаваны, БелТА не паведамляе.
Магчыма, гаворка пра беларускіх патрыётаў, якія, аналагічна як інфарматары «Беларускага Гаюна», адсочвалі ваенную актыўнасць расійскай і беларускай авіяцыі. Разгорнутая інфармацыя такога роду публікавалася ў канале «Гаюна». Фактычна, гаворка ідзе пра дзейнасць антылукашэнкаўскага і антырасійскага антываеннага падполля ў Беларусі.