БЕЛ Ł РУС

100 тысяч жыццяў за 1% тэрыторыі. Эксперт — пра тупік, у якім апынулася армія Пуціна

24.12.2025 / 14:34

Nashaniva.com

З такімі тэмпамі прасоўвання Маскве спатрэбіцца яшчэ мінімум чатыры гады вайны толькі для таго, каб цалкам заняць анексаваныя вобласці. Адзіным шанцам на поспех для Пуціна застаецца палітычны ціск Трампа на Кіеў, сцвярджае палітычны аглядальнік BILD Юльян Ропке.

Фота: Gavriil Grigorov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

На чацвёртым годзе вайны супраць Украіны Расія, як і ў папярэднія гады, мела перавагу на полі бою: каля 1 млн салдат і ваенная эканоміка, якая кругласутачна — з дапамогай Кітая — вырабляе зброю і боепрыпасы для вайны Пуціна.

Тым не менш у 2025 годзе ёй удалося захапіць толькі 4400 квадратных кіламетраў — менш за 1% незанятай украінскай тэрыторыі, піша Ропке. 

За гэта ў 2025 годзе загінула амаль 100 000 грамадзян Расіі, як паказваюць рэалістычныя ацэнкі па-за межамі расійскай і ўкраінскай прапаганды. Да сярэдзіны года, згодна з аналізам залішняй смяротнасці, праведзеным выданнем «Медыязона», колькасць загінулых ужо складала 48 тысяч чалавек, з якіх 22 тысячы былі вядомыя пайменна.

У другой палове года ўзровень страт, паводле звестак выдання, па меншай меры заставаўся прыкладна такім жа. Праз больш актыўныя наступальныя аперацыі Расіі, магчыма, страты павялічыліся, таму лічба загінулых каля 100 000 (плюс 200 000 параненых расіян) — рэалістычная ацэнка, піша Ропке.

Расія па-ранейшаму знаходзіцца далёка ад сваёй мэты — захопу чатырох рэгіёнаў, анексаваных Пуціным у 2022 годзе.

У Данецкай вобласці Украіна па-ранейшаму ўтрымлівае 5700 квадратных кіламетраў, у Запарожскай — 5800 і ў Херсонскай — 6400 кв. км. Такім чынам, нават калі Расія застанецца гэтак жа паспяховай, як у 2025 годзе, расійскай арміі спатрэбіцца яшчэ як мінімум чатыры гады, каб узяць пад кантроль анексаваныя тэрыторыі.

Адзінай надзеяй Расіі на «хуткую перамогу» ва Украіне застаюцца сумесныя намаганні з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, якая павінна прымусіць Кіеў добраахвотна вывесці сваю армію з крытычна важных раёнаў, рэзюмуе аглядальнік BILD.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула