Вольга Такарчук: Вуліца Гамарніка хай будзе Мелказёрава
Блогерка Вольга Такарчук прапаноўвае перайменаваць адну з вуліц Мінска ў вуліцу Мікіты Мелказёрава.
Вольга Такарчук кажа, што ў некаторых выпусках Мікіты Мелказёрава была тэма пра вуліцы ў Мінску, якія трэба перайменаваць. Там згадваліся і Ландэр, і Шаранговіч, і Гамарнік, і Дастаеўскі з Пушкіным.
«Я падумала: мы так шмат гаворым пра тое, што, калі вернемся, трэба будзе пераймяноўваць вуліцы. Трэба. У нас вельмі шмат сваіх герояў. У нас ёсць свой Пушкін — нам не патрэбны Аляксандр, у нас ёсць Алесь Пушкін. У нас ёсць Вітольд Ашурак, Тарайкоўскі, Бандарэнка, Марыя Зайцава, якая ваявала за Украіну. Прабачце, каго не ўспомню, бо герояў у нас вельмі шмат. І вось цяпер у нас ёсць Мікіта Мелказёраў. Нам абавязкова патрэбная вуліца яго імя», — кажа яна.
Такарчук згадвае, што Мікіта распавядаў, як гуляў у футбол на вуліцы Гамарніка.
«Гамарніка — адзін з маіх футбольных адрасоў. Там знаходзяцца дзве паляны са штучным газонам, дзе мы гулялі з хлопцамі. А калі праехаць вышэй, бліжэй да Лагойскага тракта, дык каля макдака злева прадавалі найлепшую, на мой густ, шаўрму ў горадзе. Яна назаўжды ў маім сэрцы», — распавядаў Мікіта.
Такарчук кажа, што, калі мы вернемся, яна абавязкова з'есць гэтую шаўрму.
«З’ем і за сябе, і за яго. І вось замест Гамарніка цяпер хай будзе вуліца Мелказёрава», — кажа яна.